Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля нажавога раненьня вайскоўца Польшча накіравала на мяжу зь Беларусьсю дадатковыя сілы


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Польшча накіравала на ахову мяжы зь Беларусьсю дадатковыя сілы, паведаміў 28 траўня ў сацсетцы Х прэм’ер-міністар дзяржавы Дональд Туск.

Рашэньне прынята ў сувязі з нападам мігранта на польскага вайскоўца, яго пасьля нападу шпіталізавалі.

«Салдаты і афіцэры абараняюць нашую мяжу, рызыкуючы сваім жыцьцём. Пра параненага салдата добра клапоцяцца, як і пра ягоную сям’ю», — адзначыў Туск.

Якімі сіламі і сродкамі будзе ўмацавана мяжа, прэмʼер не ўдакладніў.

Таксама Туск анансаваў свой прыезд на польска-беларускую мяжу раніцай 29 траўня.

Раніцай 28 траўня на польскага вайскоўца з нажом напаў мігрант, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочак пазьней у эфіры Polskie Radio заявіў, што раненьне, якое атрымаў вайсковец, сурʼёзнае, але яго жыцьцю нічога не пагражае.

«Міграцыйны ціск расьце, агрэсія гэтых людзей павялічваецца. Яны спрабуюць прарвацца празь мяжу вялікімі групамі, якія фармуюцца пры падтрымцы беларускіх службаў», — сказаў чыноўнік.

Польскае памежнае ведамства таксама паведаміла, што за некалькі гадзінаў да нападу на вайскоўца ад рук мігрантаў пацярпелі памежнікі. Аднаго зь іх ударылі пабітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы і быў шпіталізаваны. На другога памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Супрацоўнік памежнага ведамства здолеў адабраць небясьпечны прадмет, аднак яму таксама спатрэбілася дапамога мэдыкаў.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году. Улады Польшчы і краін Балтыі лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
  • З пачатку году краіны ЭЗ перадухілілі 17,8 тысячы спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу зь беларускай тэрыторыі, у тым ліку Польшча — 15,5 тысячы. Травень 2024 году стаў рэкордным па актыўнасьці нелегальных мігрантаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG