Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі лік ахвяр расейскай вайны сярод дзяцей. Сьпіс павялічыўся пасьля новай атакі на Харкаў


Супэрмакет у Харкаве пасьля расейскай атакі 25 траўня 2024
Супэрмакет у Харкаве пасьля расейскай атакі 25 траўня 2024

Толькі за апошнія два дні ў выніку расейскіх абстрэлаў загінула 12-гадовая дзяўчынка, а тры хлопчыкі атрымалі раненьні ў Харкаве і Харкаўскай вобласьці.

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны ва Ўкраіны загінулі 548 дзяцей і больш за 1351 дзіця атрымала раненьні рознай ступені цяжкасьці.

«Найбольш дзяцей пацярпела ў Данецкай (532), Харкаўскай (378), Херсонскай (152), Днепрапятроўскай (139), Кіеўскай (130), Запароскай (108), Мікалаеўскай (105)», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Толькі за апошнія два дні ў выніку расейскіх абстрэлаў загінула адна 12-гадовая дзяўчынка і яшчэ тры хлопчыкі атрымалі раненьні ў Харкаве і Харкаўскай вобласьці.

27 траўня ў Харкаве абвясьцілі дзень жалобы пасьля падзеньня дзьвюх кіраваных авіябомбаў у будаўнічы супэрмаркет «Эпіцэнтар». Улады пакуль ня могуць назваць дакладных лічбаў ахвяр.

Сьпікер Харкаўскай абласной пракуратуры Дзьмітро Чубенка паведаміў украінскай службе Радыё Свабода, што на раніцу 27 траўня змаглі ідэнтыфікаваць 11 загінулых, паліцыя атрымала яшчэ 7 заяў ад сваякоў грамадзян, якія ў момант абстрэлу маглі знаходзіцца ў супэрмаркеце.

«Імавернымі ахвярамі могуць быць сама меней каля 18 чалавек. Гэта 11 целаў, якія ўжо знайшлі, і сем заяў, у якіх лёс людзей застаецца незразумелым. Мы цяпер працуем, шукаем гэтыя целы. Але тэарэтычная пагроза, што мы кагосьці ня зможам знайсьці, рэальная», — сказаў Дзьмітро Чубенка.

Пасьля абстрэлу супэрмаркет амаль цалкам згарэў. Пазьней улады афіцыйна пацьвердзілі 18 загінулых, 48 параненых. Зьніклымі бязь зьвестак застаюцца 5 чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG