Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы расказалі, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на правы чалавека ў Беларусі


Натальля Сацункевіч, архіўнае фота
Натальля Сацункевіч, архіўнае фота

У Вэнэцыі прайшла міжнародная канфэрэнцыя аб стане правоў чалавека з удзелам прадстаўнікоў Беларусі.

Канфэрэнцыя «Глябальны стан правоў чалавека» прайшла 24 і 25 траўня ў Вэнэцыі. На ёй выступіла прадстаўніца Праваабарончага цэнтра «Вясна» Натальля Сацункевіч.

У часе дыскусіі «Абараняем правы чалавека ў часы вайны і канфлікту» Сацункевіч выказала погляд беларускіх праваабаронцаў. Між іншага яна расказала пра пяцёх калег зь «Вясны», якія знаходзяцца ў турме за сваю праваабарончую працу, пра выклікі, зь якімі сутыкнулася беларускае грамадзтва і праваабаронцы пасьля пачатку вайны, піша «Вясна»:

«Беларусь — краіна-суагрэсар, беларускі рэжым падтрымлівае Пуціна, беларускія землі выкарыстоўваюцца расейскай арміяй, расейскія салдаты лечацца ў беларускіх шпіталях беларускімі дактарамі. Але рэжым — гэта ня людзі, і мы ў сваёй працы паказваем, што беларуская грамадзянская супольнасьць і праваабаронцы падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе, пачынаючы ад заяў (у першы ж дзень пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня „Вясна“ выступіла з заявай, асуджаючы агрэсію і вайну), так і канкрэтнымі справамі».


Натальля Сацункевіч расказала, якое ўзьдзеяньне вайна мае на Беларусь.

«З майго пункту гледжаньня, гэта тры вялікія пункты. Першае — яна была самым вялікім трыгерам для публічных пратэстаў пасьля восені 2020 года: мы бачылі, як у лютым 2022-га на вуліцы гарадоў Беларусі выйшлі тысячы людзей, і больш за тысячу зь іх затрымалі ў тыя дні.

Другое — гэта ўзмацненьне гвалту з боку праваахоўных органаў: яны сталі больш жорсткімі, паказальна жорсткімі, і я прывяла ў прыклад вядомы кейс рэйкавых партызанаў, якім прастрэлілі калені і паказалі гэта на дзяржаўнай тэлевізіі, і прапаганда гэта шырока выкарыстоўвала як сродак запалохваньня (чалавеку, які не супраціўляўся, прастрэлілі каленныя суставы пасьля затрыманьня).

І трэцяе — рэпрэсіі не заканчваюцца, парушэньні правоў чалавека становяцца шырэйшымі, і, акрамя крытыкі рэжыму Лукашэнкі, дадаецца і падтрымка Ўкраіны — такую думку ў Беларусі таксама нельга выказваць беспакарана. Я прывяла лічбы пра тое, што 12 чалавек абвінавачаны ў „рэйкавым сабатажы“ і атрымалі амаль 200 гадоў турмы за гэта; больш за 1500 чалавек было затрымана за антываенную пазыцыю. І я таксама расказала пра тое, што беларусы актыўна выказваюць сваю антываенную пазыцыю і праводзяць маршы, пікеты, разбураюць інфраструктуру на чыгунках, каб запаволіць рух расейскай вайсковай тэхнікі, і дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, і таксама беларускія добраахвотнікі змагаюцца на баку Ўкраіны».


У рэзюмэ Натальля Сацункевіч заявіла, што праваабаронцы і грамадзтва павінны рабіць, што могуць рабіць і што ўжо робяць:

«Першае самае важнае — гэта ўсё ж такі акуратна зьбіраць і захоўваць інфармацыю пра парушэньні правоў чалавека, дакумэнтаваць выпадкі прымяненьня катаваньняў і забароненага абыходжаньня.

Другое — гэта дапамагаць людзям – ахвярам парушэньня правоў чалавека, падтрымліваць іх і іх семʼі.

І трэцяе — гэта гучна казаць, адвакатаваць і прасоўваць сытуацыю: казаць пра тое, што ваенныя злачынцы і парушальнікі правоў чалавека павінны быць пакараныя, а людзі, чые правы былі парушаны, павінны быць у іх адноўленыя, і яны павінны атрымаць справядлівую кампэнсацыю».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG