«Я павінна быць тут, дапамагаць»
Наста* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) прыехала ва Ўкраіну тры гады таму, бо актыўна ўдзельнічала ў беларускіх пратэстах. «Закахалася ў Кіеў» і засталася.
У дзяўчыны пашкоджаны пашпарт, таму яна падавала дакумэнты на статус уцекача. Кажа, што ў большасьці выпадкаў такія звароты заканчваюцца адмовай. Але ёй выдалі даведку, што ейны зварот разглядаюць. Даведку працягваюць кожныя паўгода. Суразмоўца кажа, што ня ўсе ведаюць, што гэта за паперка, часам даводзіцца тлумачыць. Яе, як і іншых беларусаў, якія застаюцца ва Ўкраіне, правярала Служба бясьпекі Ўкраіны. Вырашылі, што яна «нармальны чалавек».
24 лютага 2022 году Наста ня зьехала, хаця родныя ўгаворвалі гэта зрабіць.
«Я за мяжой сябе ня бачу. Я павінна быць тут, дапамагаць. Быць у кантэксьце сытуацыі, а ня жыць не сваё жыцьцё», — кажа дзяўчына.
Яна пачала валянтэрыць ва Ўкраіне. Пасьля пачатку вайны дапамагала арганізоўваць шэлтэры, зьбіраць гуманітарную дапамогу. Пазьней ладзіла ў Кіеве культурныя беларускія імпрэзы, дзе тлумачылі ўкраінцам, хто такія беларусы, навошта яны жывуць ва Ўкраіне і што адбываецца на іхнай радзіме. Са словаў Насты, да яе ўкраінцы ставяцца добра. Непрыемныя сытуацыі здараюцца хутчэй у сеціве.
«У мяне ёсьць сяброўка з Марыюпалю, якая да вайны нічога ня чула адэкватнага пра беларусаў. Цяпер ужо ня я тлумачу, хто такія беларусы, а яна», — кажа суразмоўца.
Дзяўчына размаўляе ва Ўкраіне пераважна па-беларуску. Часам пераходзіць на ўкраінскую цалкам або ўключае асобныя словы. Кажа, рэакцыя на беларускую мову добрая. Часьцей яе не разумеюць расейскамоўныя ўкраінцы.
Наста прызнаецца, што адчувае сябе ва Ўкраіне добра зь першага дня. Цяпер ейнае жыцьцё стала «больш якаснае», бо яна робіць нешта для дзьвюх краінаў.
Дзяўчына адзначае, што ёй ня надта страшна жыць у Кіеве. Жыве ў «нецікавым раёне», куды «нічога не прылятала». Яна перакананая, што сталіца добра абароненая. Шанец загінуць праз абстрэлы, на ейную думку, невялікі. Калі гучыць паветраная трывога, беларуска працягвае працаваць. Яна хаваецца ў калідор або прыбіральню, толькі калі чуе выбухі. Мяркуе, што так рабіць ня варта.
«Я проста трымаю ў галаве, што можа „прыляцець“. А можа і не», — кажа яна.
Хлопец Насты ваюе. Яна прыяжджала да яго ў Данецкую вобласьць.
«Там страшна. Тут не. Там „бухае“ кожны дзень. Людзі плачуць, лямантуюць, бо ў іх ужо няма дома», — кажа яна пра розьніцу паміж цэнтрам і ўсходам краіны.
Дзяўчына адчувае сябе ва Ўкраіне ў большай бясьпецы, чым калі б жыла ў Беларусі.
«Я б там баялася дыхаць», — кажа суразмоўца.
Тры гады яна ня бачыла нікога з родных. Чакаючы статусу ўцекача, яна ня можа выехаць за мяжу. Калі б дзяўчына жыла ў іншай краіне, то, думае, магла б бачыцца са сваякамі. Але калі блізкія прыедуць да яе ва Ўкраіну, то потым ім будзе небясьпечна вяртацца на радзіму. У будучыні Наста хацела б жыць на дзьве краіны — ва Ўкраіне і Беларусі.
«Быць тут — ужо вялікая дапамога беларускаму брэнду»
Беларус Андрэй* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля ягонай бясьпекі. — РС) прыехаў ва Ўкраіну ў канцы 2023 году, каб ваяваць. Служыць у Беларускім добраахвотніцкім корпусе. Мае легалізацыю як украінскі вайсковец. У Беларусі ён у вышуку праз тое, што не зьявіўся ў вайсковы камісарыят як прызыўнік.
Хлопец хацеў паехаць абараняць Украіну ў першыя дні поўнамаштабнай вайны. Аднак вырашыў спачатку скончыць унівэрсытэт. Потым ад’езд адклаўся яшчэ на паўгода зь сямейных прычынаў, а таксама празь ягонае расчараваньне ў палку Каліноўскага. Пасьля заяўкі чакаў вэрыфікацыі цягам месяца. Бацькі ведалі, куды той дзе, і ўрэшце пагадзіліся зь ягоным рашэньнем.
Андрэй мяркуе, што цяпер дэпрэсіўны пэрыяд на вайне, які не дадае натхненьня. Думае, што тое, што ён абараняе Ўкраіну цяпер, мае вялікі сэнс. Галоўным фактарам для яго стала адчуваньне адказнасьці за гэтую вайну і бездапаможнасьці, каб нешта зрабіць супраць вайны ўнутры Беларусі. Суразмоўца адзначае, што ніколі ня быў прыхільнікам мілітарнай супольнасьці, вайсковай атмасфэры, «стралялак» і «вайнушак».
Андрэй чакаў, што на вайне будуць панаваць ідэі аб’яднаньня беларусаў з украінцамі, супольнага змаганьня за нешта супольнае. Аднак прызнаецца, што гэтага не адбылося.
«Яшчэ адным фактарам было паказваць сваім існаваньнем сьвету і ўкраінцам, што мы, беларусы, можам быць не такія, як на нас кажуць. Быць тут — ужо вялікая дапамога беларускаму брэнду. Калі ты робіш сваю справу добра, гэта ўплывае на наш вобраз як нацыі», — мяркуе суразмоўца.
Андрэй падкрэсьлівае, што ніколі ў рэальным жыцьці не сустракаўся з абразамі з боку ўкраінцаў за тое, што ён беларус. Сустракаў крыўдныя рэчы толькі ў сеціве. Кажа, што падчас баявых дзеяньняў беларусаў і ўкраінцаў асабліва паміж сабой не адрозьніваюць.
Ва Ўкраіне ён размаўляе часьцей па-беларуску. Звычайна яго разумеюць. Калі трэба атрымаць нейкія паслугі, то хлопец пераходзіць на ўкраінскую. Ён добра вывучыў яе натуральным чынам пасьля 2022 году, бо шмат чуў і чытаў па-ўкраінску.
Калі Андрэй прыехаў ва Ўкраіну, то прызнаецца, стаў больш адчуваць жыцьцё як зьяву праз павышаную рызыку загінуць.
«Яна больш матывуе цябе пражываць жыцьцё ў моманце. Не адкладваць яго на потым. Бо потым у пэўны момант ня стане», — кажа вайсковец.
У Беларусі ён адчуваў сындром адкладзенага жыцьця. Ва Ўкраіне стаў пачувацца лепш. Кажа, што страху асабліва не адчувае. Ён ваюе ў тым ліку на перадавой.
Андрэй кажа, што не плянуе пакідаць Украіну, пакуль ня скончыцца вайна або пакуль ня страціць магчымасьць ваяваць.
«Некаторыя людзі прыяжджаюць на вайну і кажуць: „Мне не спадабалася, гэта не маё, таму я паеду“. Я разумею гэты падыход. Але я сюды прыехаў не таму, што мне падабаецца ваяваць, а таму што бачу ў гэтым сэнс», — кажа малады чалавек.
Ва Ўкраіне Андрэю не падабаецца хаос і неструктураванасьць у вырашэньні пытаньняў. Ён мяркуе, што так было і да вайны.
«Ты, прыкладам, не разумееш, да каго зьвярнуцца, каб атрымаць адказ», — зазначае ён.
Хлопец мяркуе, што вайна можа працягнуцца доўгі час. Аднак ён хацеў бы стварыць сям’ю, магчыма, што і ва Ўкраіне. Калі скончыцца вайна, Андрэй хацеў бы жыць у Беларусі. Радзімы яму вельмі не хапае. Але кажа, калі створыць сям’ю ва Ўкраіне, то не выключае, што застанецца жыць там.
«У сховішча я не хадзіла ні разу»
Вольга Карпушонак працавала ў Беларусі адвакатам, абараняла палітвязьняў. У 2021 годзе яе пазбавілі ліцэнзіі. Пераехала ва Ўкраіну, бо там жылі сябры. Разьлічвала, што здолее працягнуць юрыдычную дзейнасьць. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ня выехала з краіны, бо адчувала адказнасьць, калі ракеты ляцелі з тэрыторыі Беларусі.
«Я зразумела, што калі мы ня будзем паказваць, што ёсьць рэжым Лукашэнкі, а ёсьць нармальныя беларусы, мы назаўсёды страцім сувязь», — кажа Вольга.
Тады яна жыла ў Адэсе, там адчувала сябе досыць бясьпечна. Цяпер жыве ў Кіеве праз сваю працу. Дапамагае беларусам зь міграцыйнымі пытаньнямі.
«Да (поўнамаштабнай) вайны дзейнічала канвэнцыя, што нашыя дыплёмы ўзаемна прызнаюцца. Можна было проста прыяжджаць і працаваць. Пасьля моцна памяняліся правілы ў дачыненьні да беларусаў. Пацьвердзіць дыплёмы нельга дагэтуль», — кажа Вольга.
Яна сама можа працаваць юрыстам, але пакуль ня можа працаваць адвакатам. Аднак кажа, што яны працуюць над гэтым пытаньнем і вераць, што ўдасца яго вырашыць. Стаўленьне да беларусаў зьмяняецца ў лепшы бок.
Вольга кажа, што застаецца ва Ўкраіне, каб вырашаць праблемныя пытаньні беларусаў. Асноўныя праблемы, паводле яе, гэта замена пашпартоў, якія скончыліся і якія больш нельга памяняць у амбасадзе. А таксама адмена апастыляваньня дакумэнтаў для беларусаў, якія немагчыма атрымаць па-за краінай. Праз патрабаваньне апастыляў многія беларусы ня могуць легалізавацца ва Ўкраіне;
Вольга атрымала дазвол на жыхарства як валянтэрка грамадзкай арганізацыі. Кажа, што гэта было вельмі складана. У першыя месяцы вайны ў беларусаў зусім не прымалі дакумэнты, таму многія выяжджалі. З восені 2022 году беларускія дакумэнты зноў сталі нармальна прымаць. Усе беларусы мусяць прайсьці праверку СБУ. Юрыстка адзначае, што перашкодаў для легалізацыі з боку ўкраінскага боку няма, іх стварае рэжым Лукашэнкі.
На думку юрысткі, сытуацыя для беларусаў значна палепшылася ў параўнаньні з пачаткам поўнамаштабнай вайны. Нават тыя, хто выехаў, сталі зноў вяртацца жыць ва Ўкраіну.
Вольга дадае, што значнай праблемай застаюцца заблякаваныя беларусам банкаўскія рахункі з грашыма, асабліва калі ў іх няма пастаяннага дазволу на жыхарства ва Ўкраіне або іншай краіне. Ёсьць адзінкавыя выпадкі, калі іх разблякоўваюць. Дзеля гэтага трэба пісаць заяву ў СБУ.
Пытаньне рахункаў таксама вырашаецца. Беларусам, якія афіцыйна працаўладкаваныя ва Ўкраіне, адзін з банкаў адкрывае рахункі, на якія можа прыходзіць толькі заробак. Нехта карыстаецца банкаўскімі карткамі іншых краін або карткамі сваіх мужоў, жонак, сваякоў.
Быў выпадак, калі беларус заплаціў за афтальмалягічную апэрацыю 150 тысяч грыўняў (каля 5 тысяч даляраў) праз банк. У яго прынялі грошы, аднак суму адразу ж заблякавалі на рахунку і не вярнулі. Пасьля гэтага ў Нацбанку ўнесьлі зьмену ў заканадаўства. Цяпер беларусам і расейцам можна плаціць з заблякаваных рахункаў за мэдычныя паслугі. Гэты прыклад паказвае, што можна дамагчыся зьменаў для беларусаў ва Ўкраіне, расказвае Вольга.
Яна тлумачыць, што дагэтуль праз праблемы з дакумэнтамі беларусы, якія хацелі б застацца ва Ўкраіне, выяжджаюць за мяжу. Адна з прычынаў — неўзабаве заканчваецца пашпарт. Ва Ўкраіне няма аналягу праязнога дакумэнту на такі выпадак, як, прыкладам, у Польшчы. Хтосьці выяжджае, бо заблякаваныя рахункі. Таксама сярод складанасьцяў яна называе эканамічныя: страту працы, падвышэньне цэнаў праз вайну.
Пытаньне небясьпекі ва Ўкраіне таксама застаецца актуальным. Сама Вольга кажа, што ня мае страху, адчувае, што Кіеў мае добрую супрацьпаветраную абарону. Яна сама не падпарадкоўваецца правілам паветранай трывогі.
«Паветраныя трывогі бываюць на дзень па шмат разоў. Калі мы кожны раз будзем спускацца ў сховішча, мы ня зможам паўнавартасна працаваць. Мы сочым за тэлеграм-каналамі, якія пішуць, якія ракеты ляцяць. Калі я бачу, што небясьпека сапраўды вялікая, то максымум я магу выйсьці ў калідор. У сховішча я не хадзіла ні разу», — заўважае Вольга.
Вельмі рэдка яна ідзе спаць у калідор. На побытавыя нязручнасьці, калі на некалькі гадзін штодня адключаюць сьвятло, яна цяпер не зьвяртае значнай увагі. Кажа, што яны прывыклі да больш жорсткіх абмежаваньняў за час вайны, калі днямі заставаліся безь сьвятла і ацяпленьня. Навучыліся да іх прыстасоўвацца.
«Гэта настолькі неістотна, што мы на гэта ўжо не зьвяртаем увагі. У нас ёсьць магутныя паўэрбанкі, генэратары. У большасьці кавярняў, установаў ёсьць генэратары. Можна туды прыйсьці зарадзіць тэлефон», — тлумачыць суразмоўца.
Кепскага стаўленьня да сябе Вольга ні разу не сустрэла за сваю нацыянальнасьць. Яна шмат камунікуе зь дзяржаўнымі службамі па працы. Пры гэтым яна звычайна гаворыць на расейскай мове, але таксама вучыць украінскую.
У будучыні яна б хацела вярнуцца ў Беларусь, калі вайна скончыцца хутка. Калі яна зацягнецца, то дапускае, што абжывецца і застанецца ва Ўкраіне.
Форум