Меркаваных вінаватых знайшлі дзякуючы скрадзеным узнагародам палкоўніка Целіжэнкі, якія цяпер, верагодна, выстаўленыя ў так званым музэі баявой славы расейскага спэцназу «Кузбас», і прафэсійным няўдачам высокапастаўленых пскоўскіх разьведчыкаў, якія выкарыстоўвалі тэлефон забітага палкоўніка СБУ для каардынацыі дзеяньняў на акупаванай Кіеўшчыне ў сакавіку 2022 году.
Пра гэта гаворыцца ў дакумэнтальным праекце карэспандэнта Радыё Свабода Дзьмітра Джулая. Гэта першая частка сэрыі фільмаў пра масавыя забойствы, якія адбыліся падчас расейскай акупацыі ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці.
Для стварэньня гэтага расьсьледаваньня аўтар праекту апытаў каля 200 відавочцаў акупацыі Бучы, праглядзеў дзясяткі гадзін камэраў відэаназіраньня, апазнаў закатаваных жыхароў Бучы, якія доўгі час былі пахаваныя як невядомыя. А таксама прааналізаваў дзясяткі тысяч старонак у расейскіх сацыяльных сетках, СМІ і выявіў каля 500 вайскоўцаў РФ. Знойдзеныя неапублікаваныя раней фота, відэа і ўнікальныя расейскія дакумэнты, зьвязаныя з акупацыяй Бучы.
Форум