У выніку атакі загінулі як найменей чатыры чалавекі, паведаміў Церахаў. Параненыя ня менш за сорак чалавек. Ёсьць зьніклыя бязь вестак.
«Мяркуючы па ўсім, удар наносіўся менавіта па гандлёвым цэнтры, дзе знаходзілася шмат людзей — гэта чысты тэрарызм», — напісаў мэр гораду.
На будаўнічы гіпэрмаркет скінулі дзьве кіраваныя авіябомбы, заявіў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле яго слоў, узьнік пажар плошчай 15 тысяч квадратных мэтраў.
На момант удару ў гіпэрмаркеце маглі знаходзіцца больш за 200 чалавек, паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Расея нанесла чарговы жорсткі ўдар па нашым Харкаве — па будаўнічым гіпэрмаркеце — у суботу, наўпрост пасярод дня. [...] Калі б у Ўкраіны было дастаткова сродкаў СПА і сучаснай баявой авіяцыі, такія расейскія ўдары сталі б проста немагчымымі», — напісаў Зяленскі.
Ён зноў заклікаў сусветных лідэраў паставіць Украіне больш сродкаў супрацьпаветранай абароны. «Кожны дзень мы заклікаем мір: дайце нам СПА, ратуйце людзей. Кожнае непрынятае рашэньне аб падтрымцы — гэта страта нашых людзей», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Гэта ўжо другі абстрэл Харкава за суткі: у ноч на 25 траўня расейскія войскі нанесьлі ўдар па Слабадзкім раёне Харкава. Мэр Ігар Церахаў паведаміў аб тым, што ў выніку трапленьня ракеты С-300 разбурана майстэрня адукацыйнай установы, пашкоджаны 31 аўтамабіль, выбіта шкло ў некалькіх шматпавярхоўках вакол, пацярпеў супэрмаркет.
Форум