Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пасьпяхова глушыць шэраг заходніх узбраеньняў, — The Washington Post


Архіўнае фота. Рэактыўная сыстэма высокамабільнай артылерыі HIMARS вядзе агонь паблізу лініі фронту па паўночнай частцы Херсонскай вобласьці. 5 лістапада 2022 году
Архіўнае фота. Рэактыўная сыстэма высокамабільнай артылерыі HIMARS вядзе агонь паблізу лініі фронту па паўночнай частцы Херсонскай вобласьці. 5 лістапада 2022 году

Украінскія войскі перасталі выкарыстоўваць некаторыя віды амэрыканскай высокатэхналягічнай зброі з прычыны дзеяньня расейскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), паведамляе газэта The Washington Post са спасылкай на высокапастаўленых украінскіх вайскоўцаў і канфідэнцыйныя справаздачы.

Паказчыкі эфэктыўнасьці некаторых відаў узбраеньняў рэзка ўпалі праз тое, што расейскія вайскоўцы глушаць сыстэмы навядзеньня сучаснай заходняй зброі. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра артылерыйскія снарады Excalibur з GPS-навядзеньнем і ракетныя сыстэмы HIMARS.

«Усё скончылася: расейцы разгарнулі сродкі радыёэлектроннай барацьбы, адключылі спадарожнікавыя сыгналы, і HIMARS сталі зусім неэфэктыўнымі», — сказаў высокапастаўлены ўкраінскі вайсковец. Ён дадаў, што гэта прывяло да таго, што для паражэньня менш прыярытэтных мэтаў усё часьцей сталі выкарыстоўваць вельмі дарагія снарады.

Кіеў па-ранейшаму лічыць свае ракеты HIMARS эфэктыўнымі, але расейскія сродкі РЭБ могуць прывесьці да таго, што яны прамахнуцца на 50 футаў і больш (прыкладна 15 мэтраў), гаворыцца ў публікацыі.

Паводле канфідэнцыйных справаздач, паказчык пасьпяховасьці прымяненьня снарадаў Excalibur, распрацаваных у ЗША, рэзка зьнізіўся на працягу некалькіх месяцаў — да менш чым 10% трапляньняў у мэту. Як піша газэта, украінскія вайскоўцы адмовіліся ад выкарыстаньня Excalibur летась. «Тэхналёгія Excalibur у існых вэрсіях страціла свой патэнцыял», — гаворыцца ў справаздачы.

Пасьля таго, як Кіеў паведаміў аб праблеме, Вашынгтон спыніў пастаўкі снарадаў Excalibur, распавялі суразмоўцы газэты.

Ваеннае камандаваньне Ўкраіны падрыхтавала справаздачы ў пэрыяд з восені 2023 году па красавік 2024 году і падзялілася імі з ЗША і іншымі саюзьнікамі, спадзеючыся знайсьці рашэньні і наладзіць прамы кантакт з вытворцамі зброі. У Мінабароны Ўкраіны заявілі, што ведамства рэгулярна супрацоўнічае з Пэнтагонам, а таксама наўпрост мае зносіны з вытворцамі зброі. Паводле прадстаўніка Міністэрства абароны ЗША, Пэнтагон чакаў, што некаторыя боепрыпасы ня справяцца з расейскімі сродкамі РЭБ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG