Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы контрсанкцыяў: крамы польскага абутку Wojas спыняюць працу ў Беларусі


Крама Wojas, фота з афіцыйнага сайту крамы
Крама Wojas, фота з афіцыйнага сайту крамы

Крамы польскага абутку Wojas распрадаюць тавар і спыняюць працу ў Беларусі, паведамляе smartpress.by.

«Мы закрываемся. Сказалі ўчора, тэрміны пакуль не агучылі», — пацьвердзілі выданьню прадаўцы гандлёвай сеткі.

Гандлёвая сетка разаслала СМС-паведамленьні кліентам аб распродажы тавару. Прычынай, згодна з паведамленьнем, стала забарона ўраду Беларусі на ўвоз і продаж у краіне шэрагу тавараў з Польшчы, а таксама з Чэхіі і краінаў Балтыі.

«З трэцяга чэрвеня ўводзіцца забарона на пастаўку абутку з Польшчы. Пасьпейце!» — гаворыцца ў СМС-рассылцы кліентам.

У Менску крамы Wojas працуюць у гандлёвых цэнтрах «Замак», «Грын Сіці» і «Экспабел».

21 траўня ўрад Беларусі ў рамках контрсанкцыяў дапоўніў пералік тавараў, якія нельга ўвозіць і прадаваць у Беларусі. У яго ўвайшлі шэраг тавараў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі, сярод іх — скураны абутак. Таксама пад забарону трапілі піва і зброджаныя напоі, шэраг касмэтычных сродкаў і тавараў побытавай хіміі, мужчынскае тэкстыльнае адзеньне, галаўныя ўборы, пасьцельныя рэчы, сталовы і кухонны посуд (з фарфору і шкляны), лякі, фарбы і інш.

  • У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Тады пад абмежаваньні трапілі, сярод іншага, мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
  • У пералік «недружалюбных краін» раней былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
  • У сьнежні 2022 году ўрад скараціў пералік забароненых прадуктаў: выключэньні былі зробленыя для насеннай бульбы, а таксама сьвежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня.
  • У сакавіку 2024 году ў сьпіс забароненых для ўвозу ў Беларусь дадалі шэраг тавараў, якія паходзяць зь Літвы: малако і згушчанка, садавіна і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі і інш, асобныя будаўнічыя вырабы, лядоўні і маразільнікі.
  • У лістападзе 2023 году ў сьпіс уключылі асобныя тавары паходжаньнем з Латвіі (каву, джэмы, фруктовае жэле, мармэляды, садавіну, арэхі, сокі, воды, піва, моцныя сьпіртныя і іншыя зброджаныя напоі, калготы, шкарпэткі, цэглу, блёкі і аналягічныя вырабы з керамікі).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG