Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіваў, душыў, вырываў вейкі. Менчуку за працяглы хатні гвалт над жонкай прысудзілі «хатнюю хімію»


40-гадоваму менчуку, які з рэўнасьці цэлы год катаваў жонку, прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі», паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў пракуратуры Цэнтральнага раёну.

Мужчына — раней судзімы, працуе рабочым на адным са сталічных камунальных прадпрыемстваў. Пара мае дваіх малалетніх дзяцей.

Паводле матэрыялаў справы, на працягу амаль года ў пары здараліся канфлікты на побытавай глебе, з прычыны рэўнасьці мужа. Так, у верасьні 2022 году мянчук у нецьвярозым стане стаў душыць жонку, якая ляжала на ложку, а пасьля ўдарыў яе рукой па галаве. Празь месяц ён зноў учыніў скандал у нецьвярозым стане, прыраўнаваўшы жонку. Гэтым разам ён моцна зьбіў жанчыну рукамі, нагамі, мабільным тэлефонам і рамянём. Жанчына зьвярнулася ў міліцыю, аднак пасьля ўсё ж прымірылася з мужам, і той застаўся беспакараным.

Пасьля гэтага мужчына яшчэ некалькі разоў моцна зьбіваў жонку на лецішчы ў Маладэчанскім раёне, а ў ліпені 2023 году ў нецьвярозым стане зноў накінуўся на яе і пачаў вырываць нарошчаныя вейкі, хапаў за адзеньне, штурхаў, біў, а пасьля прыставіў да шыі нож, узяўшыся пагражаць. Пасьля гэтага жанчына напісала заяву ў міліцыю. На яе мужа завялі крымінальную справу.

На судзе мянчук прызнаў віну часткова. Суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 154 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Катаваньне»), і прызначыў пакараньне ў выглядзе 1 году 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хатняй хіміі», падчас якой асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі).

Таксама ён павінен выплаціць пацярпелай жонцы 2 000 рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

Пра хатні гвалт у Беларусі

  • У Беларусі дасюль няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Адпаведны дакумэнт распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 году чарговы варыянт рэзка скрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду».
  • МУС рэгулярна не публікуе статыстыку па выпадках хатняга гвалту, але, паводле афіцыйных зьвестак, беларуская міліцыя штогод атрымлівае каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт, а больш за 49 тысяч чалавек прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці. Кожнае трэцяе забойства ў краіне зьдзяйсьняецца рукамі блізкіх.
  • Толькі з пачатку 2024 году па красавік у Беларусі ад хатняга гвалту загінулі сама меней тры жанчыны.
  • Да 2023 году беларускія ўлады ліквідавалі недзяржаўныя арганізацыі, якія аказвалі дапамогу ахвярам хатняга гвалту.
  • а 10 месяцаў 2023 году спэцыялісты лініі oliviahelp.org далі беларускам, якія апынуліся ў сытуацыі хатняга гвалту, больш за 500 кансультацый. Агрэсарамі ў 37% выпадкаў быў партнэр, зь якім жанчына жыве цяпер, 41% — былы партнэр, 17% — член сям’і (не партнэр), 5% — агрэсараў было некалькі.
  • Прысуды па справах, зьвязаных з хатнім гвалтам, у Беларусі нярэдка даволі мяккія. У той жа час асуджаных паводле «палітычных» спраў адпраўляюць за краты на вялікія тэрміны, ажно да 15–20 гадоў зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG