Расейскія забароны
Статус чатырох беларускіх прадпрыемстваў у рэестры Мытнага зьвязу зьмянілі на «ўзмоцнены лябараторны кантроль». Як сказана ў паведамленьні Рассельгаснагляду, прычынай сталі парушэньні, якія выявілі ўпершыню.
У малацэ ААТ «Полацкі малочны камбінат» і паўфабрыкатах з птушкі філіі «ЮНІМІТ» ААТ «Смалявічы Бройлер» знойдзена перавышэньне колькасьці небясьпечных бактэрый. А ў птушцы ААТ «Смалявічы Бройлер» выявілі яшчэ й бактэрыі групы кішачнай палачкі.
Акрамя таго, у субпрадуктах птушкі ЗАТ «Сэрвалюкс Агра» знайшлі прэпарат дынітракарбанілід. У ведамстве ўдакладнілі, што зараз усе партыі субпрадуктаў гэтага вытворцы павінны суправаджацца пратаколам лябараторных дасьледаваньняў, які пацьвярджае адсутнасьць гэтага прэпарату ў складзе прадукту.
Беларускія забароны
Беларускі Дзяржстандарт 26 красавіка ўнёс у сьпіс небясьпечнай да ўжываньня прадукцыі некалькі найменьняў расейскіх і кітайскіх слодычаў.
У пералік трапілі вырабы фігурныя з малочнага шакаляду з дабаўленьнем маршмэлаў: шакалядны шар «ШОКИ ТОКИ» з падарункам з маркіроўкамі «Ми-Ми-Мишки» і «Буба». Гэтыя прысмакі вырабляе ТАА «ВАВИ-НЕВА» у Ленінградзкай вобласьці Расеі.
Выпрабаваньні паказалі, што масавая доля эквівалентаў алею какавы склала 6,8% пры норме ня больш за 5%, а доля малочнага тлушчу аказалася 2,1% пры норме 2,5% і больш. У выніку адумыслоўцы прыйшлі да высновы, што гэта не дазваляе ідэнтыфікаваць прадукт як выраб з малочнага шакаляду і ўводзіць спажыўца ў зман.
Пад забарону трапіў таксама малочны шакаляд BUCHERÖN Blanc Edition ад расейскай фабрыкі «Собрание» зь Яраслаўскай вобласьці. На думку экспэртаў, ён таксама ня можа лічыцца шакалядам: масавая доля эквівалентаў алею какавы склала 13,6% пры норме ня больш за 5%, сумарнае ўтрыманьне алею какавы і малочнага тлушчу склала 18% пры норме 25% і больш.
Раней Дзяржстандарт ужо забараняў іншы від шакаляду гэтага ж вытворцы.
Забаранілі і шэсьць відаў крэкераў з начынкай ад гандлёвай маркі «Сладояр» варонескага ТАА «Вижер». У печыве знайшлі недапушчальныя харчовыя дабаўкі — падсаладжальнікі цыклямавую кіслату, натрыевую і кальцыевую солі (Е952), сахарыну (Е954).
Ёсьць у сьпісе і кітайскія прысмакі. Напрыклад, вадкая цукерка-спрэй «Веселый напугай» не прайшла праверкі на бясьпеку: у ёй выявілі перавышэньне ў 2,3 разы кансэрванту бэнзойная кіслата (Е210). Трапілі пад забарону цукерка цукровая BUZZULE, у якой знайшлі падсаладжальнік аспартам (Е951), і жавальны зэфір на палачцы «Зефирная косичка», у яе складзе падсаладжальнік сарбіт (Е420).
Форум