Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сорамна і страшна. Чаму беларускія людзі рэдка зьвяртаюцца па дапамогу ў выпадках хатняга гвалту


Псыхоляг Натальля Скібская, каляж
Псыхоляг Натальля Скібская, каляж

Расказваем, колькі выпадкаў хатняга гвалту афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі і краінах, дзе шмат беларусаў. Псыхоляг і былы сілавік патлумачылі, чаму беларусы рэдка зьвяртаюцца па дапамогу.

Беларусь: крымінальныя справы заводзяць на кожны 33-і зварот

Штогод у сувязі з «хатнім гвалтам» у сілавыя органы зьвяртаюцца 80 тысяч жыхароў Беларусі. Такія лічбы прыводзіць МУС Беларусі. 49 тысяч чалавек штогод прыцягваюць праз гэта да адміністрацыйнай адказнасьці.

Крымінальныя справы заводзяць прыкладна на кожны 33-і зварот. Летась зафіксавалі 2418 злачынстваў, зьвязаных з хатнім гвалтам, паведамляў BelPol. Падобныя лічбы ў ранейшыя гады прыводзіла МУС Беларусі. За апошні год статыстыку аб хатнім гвалце Белстат не паказвае.

Атрымліваецца, у Беларусі са 100 тысяч чалавек — гэта, прыкладам, насельніцтва Салігорска, або Ліды, або Наваполацка — зьвяртаюцца па дапамогу міліцыі ў сямейных канфліктах каля 870 чалавек. Толькі ў 26 выпадках заводзяць крымінальныя справы. У Літве, дзе колькасьць насельніцтва ўтрая меншая, такіх злачынстваў фіксуюць удвая больш. Так можа атрымацца з прычыны фармальнага стаўленьня да праблемы сілавой сыстэмы.

За 2023 год у Беларусі, паводле зьвестак BelPol, сілавыя структуры зарэгістравалі 223 забойствы (2-3 забойствы на ўмоўную Ліду на год) і 110 згвалтаваньняў (прыкладна адно згвалтаваньне на ўмоўную Ліду за год). Няма інфармацыі, ці яны зьвязаныя зь сямейнымі канфліктамі.

Паводле зьвестак BelPol, жанчыны летась зьдзяйсьнялі злачынствы ў 18,5% выпадках, мужчыны ва ўсіх астатніх. Не было зафіксаваных выпадкаў, калі жанчын вінавацілі ў згвалтаваньні. У 23% забойстваў падазравалі жанчын, у астатніх — мужчын.

У Беларусі няма асобнага закону аб «хатнім гвалце». У 2018 годзе такі законапраект былі падрыхтавалі. Яго распрацоўвалі сумесна сілавікі і недзяржаўныя арганізацыі. Гэтую ініцыятыву раскрытыкаваў Лукашэнка, і яе згарнулі.

Адказнасьць. У Беларусі за забойства караюць тэрмінамі ад 6 да 15 гадоў калёніі, пры абцяжлівых абставінах злачынцу пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне (жанчын у Беларусі не расстрэльваюць, максымальнае пакараньне — 25 гадоў турмы). За згвалтаваньне ў Беларусі можна атрымаць да 4 гадоў «хіміі» або ад 3 да 7 гадоў калёніі, пры абцяжлівых абставінах — да 15 гадоў.

У Беларусі жыве каля 9,2 мільёна чалавек.

Былы міліцыянт: да выклікаў «хатняга гвалту» сілавікі ставяцца фармальна

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар пракамэнтаваў Свабодзе, чаму, на ягоную думку, у Беларусі людзі рэдка зьвяртаюцца ў сілавыя структуры ў выпадках «хатняга гвалту».

«Калі казаць пра мужчын, то такіх зваротаў амаль няма, за рэдкім выключэньнем, калі ідуць прынцыповыя моманты, зьвязаныя з шлюбаразводным працэсам. Такім чынам мужчына дабірае базу доказаў дзеля падзелу маёмасьці або пытаньняў аб дзецях», — кажа Жыгар.

Зваротаў жанчын таксама, паводле ягоных ацэнак, няшмат.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

«Так уладкавана беларускае грамадзтва, што гэта ўспрымаюць як нешта малазначнае, нават для саміх людзей. Яны думаюць: „Ну як я пайду ў міліцыю і буду скардзіцца на мужа? Гэта ж міліцыя!“. У разуменьні людзей міліцыя павінна займацца злачынствамі людзей, а тут сямейна-бытавыя разборы», — разважае былы сілавік.

Жыгар тлумачыць, што на сямейны скандал часта выклікаюць міліцыю ня самі ўдзельнікі, а суседзі або іншыя сваякі. Калі жанчына сама заявіць на мужа, то праз пару дзён яна можа ўжо перадумаць і забраць заяву.

Сілавікі, зь ягоных словаў, таксама часта ставяцца да выпадкаў «хатняга гвалту» фармальна. Звычайна гэтым займаюцца ўчастковыя інспэктары, якія маюць шмат іншых абавязкаў. На выклікі сямейных канфліктаў выяжджаюць «па рэшткавым прынцыпе», кажа Жыгар. Матэрыял стараюцца не зарэгістраваць, а «сьпісаць».

«У Беларусі статыстыка вядзецца па афіцыйным звароце людзей, калі выклік зафіксаваны ў кнізе рэгістрацыі злачынстваў і правапарушэньняў. Астатняе проста сьпісвалася цягам дзяжурных сутак рапартам супрацоўніка: „Выклік быў, прыехаў, апытаў аднаго, другога. Ніхто пісаць заяву ня хоча. Прашу прыкласьці рапарт, сьпісаць матэрыялы справы“. Такі матэрыял сьпісваецца і забываецца», — кажа Жыгар.

Ён дадае, што міліцыянты самі намаўлялі ўдзельнікаў сямейнага канфлікту не пісаць заявы, расказвалі, што ў іх пасьля зьявіцца яшчэ больш праблем, зьвязаных з сыстэмай, часам дыктавалі тэкст адмовы ад прэтэнзій.

Часта сямейныя канфлікты здараюцца ў сем’ях, дзе злоўжываюць алькаголем або тых, якія маюць статус «сацыяльна небясьпечных». Калі там ёсьць дзеці, то гэтыя сем’і стаяць на ўліку ў іншых структурах, прыкладам у аддзеле адукацыі.

Дадому ў такія сем’і прыходзяць камісіі са школы, правяраюць умовы жыцьця, зь дзіцём у школе мусіць працаваць псыхоляг. Ужо гэтая пэрспэктыва праверак можа адштурхоўваць сем’і ад таго, каб прыцягваць да сябе лішнюю ўвагу праваахоўнікаў. З другога боку, работнікі сыстэмы адукацыі таксама ставяцца да гэтага фармальна, мяркуе суразмоўца.

«Усе прыкрываюцца паперкамі, адпіскамі: „Паглядзіце, мы рабілі ўсё, што трэба, згодна з нарматыўнымі дакумэнтамі. Усё было выканана, пытаньняў да нас няма“. Ніхто не глядзіць на эфэктыўнасьць дзеяньняў», — кажа Жыгар.

Зьмяніць гэтую сытуацыю, на думку былога сілавіка, можна, калі прыбраць на ўсіх узроўнях фармалізм. Ён перакананы, што варта адукоўваць людзей, накіроўваць іх да сямейных псыхолягаў, каб вырашаць сямейныя пытаньні да таго, як дойдзе да гвалту.

Псыхоляг: спыняюць сорам, страх і брак грошай

Псыхоляг Натальля Скібская патлумачыла Свабодзе, што перашкаджае ахвярам «хатняга гвалту» зьвяртацца ў міліцыю.

Псыхоляг Натальля Скібская
Псыхоляг Натальля Скібская

Па-першае, пачуцьцё сораму. Яго выклікае стаўленьне грамадзтва да гвалту, асобна — стаўленьне да ахвяры ў міліцыі.

«Грамадзтва ставіцца так: „Вінаватыя абое“, „Ён жа ня п’е“, „Б’е — значыць любіць“, „Ён жа грошы зарабляе“. Калі ёсьць дзеці, то яшчэ складаней. „Хто цябе потым зь дзецьмі возьме?“ Жанчына гэты ціск адчувае. Яна павінна атрымаць падтрымку, а ёй, наадварот, кажуць, што яна не павінна скардзіцца, выносіць сьмецьце з хаты», — тлумачыць суразмоўца.

Калі ахвяра гвалту прыходзіць у міліцыю, там на яе могуць дадаткова ціснуць, абражаць, казаць: «Калі вас заб’юць, тады прыходзьце», працягвае псыхоляг. Ужо на стадыі звароту ў міліцыю жанчына можа адмовіцца ад далейшых дзеяньняў.

Мужчынам яшчэ цяжэй зьвяртацца ў міліцыю з прычыны хатняга гвалту, бо на іх цісьне грамадзтва, што мужчына павінен быць моцным, нібыта ім забаронена скардзіцца, мяркуе псыхоляг.

Яшчэ адна прычына — жанчыне не хапае рэсурсаў вырашыць сытуацыю, прыкладам, яна залежыць фінансава ад мужа.

Чарговая прычына — страх, што другі ўдзельнік канфлікту адпомсьціць за зварот да сілавікоў.

«Жанчына, калі напіша заяву, вяртаецца ў хату, дзе яна жыве з мужам. Яна закладніца сытуацыі. Ён можа зь ёй зрабіць усё што заўгодна. Гэта вялікае пачуцьцё небясьпекі. Яна ведае, што ён яе ўжо біў і можа біць далей, а ў афэкце можа і забіць», — кажа псыхоляг.

Перашкодай у звароце да праваахоўных органаў могуць быць іншыя сваякі, бацькі, якія, здараецца, адгаворваюць ад такіх дзеяньняў.

Натальля Скібская перакананая, што гвалтаўніка трэба спыняць, сам па сабе ён ня спыніцца. Інакш хатні гвалт можа скончыцца або тым, што муж урэшце заб’е жонку да сьмерці, або жонка будзе абараняцца і заб’е мужа.

«Каб спыніць гвалт, трэба працаваць з аўтарам гвалту. У Беларусі на дзяржаўным узроўні такая праца не арганізаваная. Яна складаная, доўгая і малаэфэктыўная. Чалавек часта ня ведае сам, чаму ён ужывае гвалт», — кажа суразмоўца.

Каб вырашыць сытуацыю з хатнім гвалтам, на думку псыхоляга, варта мяняць стаўленьне грамадзтва да гвалту: рашуча асуджаць яго і падтрымліваць ахвяру гвалту. Таксама варта адукоўваць людзей, каб яны выходзілі з сытуацый, дзе ўжываюць гвалт.

«Ня трэба вяртацца да мужа, які б’е. Першы раз можна прабачыць. Але варта пры першай спробе біцьця абазначыць мяжу жорстка і дакладна: „Са мной так нельга“. Гвалт можна ўжываць толькі ў абарону. На другі раз трэба сыходзіць ад такога чалавека», — кажа Натальля Скібская.

Польшча: 80% пацярпелых ад хатняга гвалту — жанчыны

Летась у Польшчы пацярпелі ад хатняга гвалту 77 тысяч чалавек, 80% зь іх жанчыны. Гэта тыя, хто зьвярнуўся ў паліцыю. У сярэднім лічыцца, што ад хатняга гвалту цярпяць 100 тысяч жыхароў краіны. Усяго зваротаў было 62 тысячы, пасьля іх у 55 тысячах выпадкаў (гэта 90% ад усіх зваротаў) пачалі так званую працэдуру «Блакітнай карты» — сыстэма захадаў для абароны ахвяры пры «хатнім гвалце».

Гэта значыць, што ў горадзе з насельніцтвам 100 тысяч чалавек, прыкладам у горадзе Каліш, па дапамогу ад хатняга гвалту зьвяртаюцца 203 чалавекі. Нагадаем, у Беларусі гэта 870 чалавек на ўмоўную Ліду за год. Значыць, беларусы зьвяртаюцца ў 4 разы часьцей.

Паводле статыстыкі паліцыі, штогод у Польшчы адбываецца ад 1800 да 2300 згвалтаваньняў. Калі браць умоўны стотысячны горад, то гэта 4-6 згвалтаваньняў за год. Гэта ў некалькі разоў больш у працэнтных адносінах, чым у Беларусі.

У Польшчы пасьля згвалтаваньня і сьмерці беларускі Лізаветы ў сакавіку 2024 году пачалі пераглядаць паняцьце «гвалт» на заканадаўчым узроўні.

У апошнія два гады ў Польшчы прыкладна ў два разы павялічылася колькасьць забойстваў. У 2022 годзе іх было 507 (1-2 на ўмоўны Каліш за год).

Як паведамляла ў 2023 годзе Rzeczpospolita, усё часьцей матывам забойства станавілася рэўнасьць, нязгода расставацца з партнэрам ці партнэркай. Нярэдка пасьля забойства падазраваныя забівалі і сябе.

«Калісьці забойствы рабіліся ў афэкце, у сварцы. Сёньня яны заплянаваныя, з намерам, вынікаюць са страты стану валоданьня. Закаханыя мужчыны ставяцца сёньня да жанчыны, як да сваёй уласнасьці, і не дазваляюць ёй пайсьці», — казаў Rzeczpospolitej крыміноляг Брынан Холыст.

Адказнасьць. У Польшчы за забойства чалавека даюць тэрмін, ня меншы за 10 гадоў; ён можа павялічыцца да 25 гадоў або да пажыцьцёвага зьняволеньня. За згвалтаваньне ў Польшчы можна атрымаць ад 2 да 15 гадоў зьняволеньня, пры абцяжлівых абставінах — да пажыцьцёвага.

У Польшчы жыве каля 38 мільёнаў чалавек.

Літва: крымінальныя справы заводзяць у 7,5 раза часьцей, чым у Беларусі

Летась у Літве зарэгістравалі 5674 злачынствы, зьвязаныя з хатнім гвалтам. На горад з насельніцтвам 100 тысяч чалавек, як Шаўляй, гэта 198 злачынстваў штогод. 85% абвінавачаных у гэтых злачынствах былі мужчыны. Нагадаем, у Беларусі гэта 26 крымінальных справаў на ўмоўны Салігорск (розьніца амаль у 8 разоў).

Як вышэй тлумачылі экспэрты, гэта можа быць зьвязана і са страхам ахвяры паведамляць пра гвалт, і з фармальнасьцю з боку сілавой сыстэмы, якая не рэгіструе гэта як злачынства.

У Літве зьмены ў заканадаўстве паўплывалі на тое, што колькасьць зваротаў аб хатнім гвалце вырасла ў дзясяткі разоў. З 1 ліпеня 2023 году паліцыя Літвы стала выдаваць ордэры на абарону ад «хатняга гвалту», агрэсара дзякуючы ім высяляюць з дома.

За апошнія 6 месяцаў мінулага году жыхары Літвы зьвярнуліся са скаргамі на хатні гвалт каля 26 тысяч разоў, паведамляла літоўская паліцыя. Калі дапусьціць, што за год было ўдвая больш зваротаў (52 тысячы), то на ўмоўны «стотысячнік» Шаўляй выйдзе 1814 зваротаў за год. У Беларусі гэтая лічба ў два разы меншая.

«У нас таксама бываюць дзіўныя сытуацыі, калі так званая ахвяра прыходзіць у аддзяленьне паліцыі з просьбай вярнуць чалавека, якому быў уручаны ордэр, і аргумэнтуе гэта тым, што муж ці сужыцель зьяўляецца карміцелем сям’і, што сын, можа, і наблытаў, але на наступны дзень папрасіў прабачэньня. У нас розныя сытуацыі», — казаў генэральны камісар паліцыі.

У 2023 годзе ў Літве зафіксавалі 73 забойствы (2-3 чалавекі за год на стотысячны горад) і 86 згвалтаваньняў (3 згвалтаваньні на стотысячны горад за год).

Адказнасьць: у Літве за забойства пагражае ад 7 да 15 гадоў, пры абцяжлівых абставінах — пажыцьцёвае зьняволеньне. За згвалтаваньне пагражае да 7 гадоў турмы, пры абцяжлівых абставінах — да 15 гадоў.

У Літве жыве 2,9 мільёна чалавек.

Грузія: у 3,6 раза больш крымінальных спраў, зьвязаных зь сямейнымі канфліктамі, чым у Беларусі

У Грузіі летась зарэгістравалі 8734 злачынствы, зьвязаныя з хатнім гвалтам. Гэта ў 3,6 раза больш, чым у Беларусі. Пацярпелі 15 тысяч чалавек. Экспэрты адзначалі, што за некалькі апошніх гадоў іх колькасьць вырасла амаль удвая. Гэты тып злачынстваў стаў адным з самых распаўсюджаных у краіне. На горад з насельніцтвам 100 тысяч чалавек (умоўны Руставі) выходзіць 236 крымінальных спраў.

У 2023 годзе ў Грузіі зафіксавалі 72 наўмысныя забойствы (каля двух забойстваў на стотысячны горад) і 204 згвалтаваньні (5-6 выпадкаў на стотысячны горад).

Адказнасьць. За забойства ў Грузіі пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі, пры абцяжлівых абставінах могуць пакараць бестэрміновым зьняволеньнем. За згвалтаваньне ў Грузіі пагражае ад 6 да 8 гадоў зьняволеньня, пры абцяжлівых абставінах — да 20 гадоў.

У Грузіі жывуць 3,7 мільёна чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG