Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія сілы зьнішчылі яшчэ адзін расейскі карабель у Севастопалі. У Расеі не камэнтуюць


Ракетны карабель «Циклон» праекту 22800 на судабудаўнічым заводзе ў Керчы, 24 ліпеня 2020
Ракетны карабель «Циклон» праекту 22800 на судабудаўнічым заводзе ў Керчы, 24 ліпеня 2020

Група расьсьледавальнікаў Conflict Intelligence Team у выніку вывучэньня спадарожнікавых здымкаў пацьвердзіла зьнішчэньне «Циклона».

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны 21 траўня паведаміў аб зьнішчэньні ў акупаваным Расеяй Севастопалі яшчэ аднаго расейскага карабля.

Паводле вайсковых, у выніку пацэльваньня, якое адбылося ў ноч на 19 траўня, расейскі ракетны карабель «Циклон» праекту 22800 затануў.

У Расеі ўжо традыцыйна не камэнтуюць страты ў ваенна-марскіх сілах, разьмешчаных на тэрыторыі акупаванага Крыму.

Група расьсьледавальнікаў Conflict Intelligence Team у выніку вывучэньня спадарожнікавых здымкаў пацьвердзіла зьнішчэньне «Циклона».

«Ні тральшчыка „Ковровец“, ні ракетнага карабля „Циклон“ у прычала нябачна, але зьявіўся выратавальны катэр праекту 23370, прызначаны для выкананьня падводна-тэхнічных работ. Апроч таго, можна пабачыць пашкоджаньні на будынку, каля якога знаходзіўся карабель „Циклон“», — паведамілі расьсьледавальнікі.

Яны дадалі, што атрымалі здымак затанулага карабля, на якім мачта тырчала над вадой. «Параўнаўшы яе [мачту] з даведачнымі фатаздымкамі розных караблёў, якія былі заўважаныя ў дні перад ударам, мы прыйшлі да высновы, што яна належыць затануламу караблю „Циклон“», — удакладнілі ў групе расьсьледавальнікаў.

Сам здымак яны вырашылі не публікаваць у мэтах бясьпекі сваёй крыніцы.

Страты Чарнаморскага флёту Расеі пасьля 22 лютага 2022 году

  • 6 траўня ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі пра зьнішчэньне ўкраінскім ударным марскім дронам Magura V5 хуткаснага расейскага катэра праекту «Мангуст». Такія катэры Расея выкарыстоўвае для патруляваньня акваторыі, барацьбы з дывэрсантамі і ў пошукава-ратавальных апэрацыях.
  • 21 красавіка ўкраінскія сілы пашкодзілі ўнікальны расейскі ратавальны карабель «Коммуна», які знаходзіўся ў Севастопалі.
  • 23 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў вялікія дэсантныя караблі (ВДК) «Ямал» і «Азов», а таксама ў сярэдні выведны расейскі карабель «Иван Хурс» Чарнаморскага флёту Расеі.
  • У ноч на 5 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў расейскі патрульны карабель «Сергей Котов», які быў у порце Керчы.
  • У ноч на 14 лютага ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Цезарь Куников».
  • У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2024 году байцы спэцпадразьдзелу «Group 13» Галоўнага ўпраўленьня выведкі зьнішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флёту Расеі.
  • 4 жніўня 2023 году ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.
  • Летась 13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі бухты ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.
  • 22 верасьня 2023 году стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі пра ракетны абстрэл штабу Чарнаморскага флёту РФ. Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопалю, каб засьцерагчы іх. Аднак гэта не ўратавала флёт ад наступных украінскіх атак.
  • 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які быў недалёка ад Севастопалю, на пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.
  • 10 лістапада 2023 году ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі пра пашкоджаньне ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх былі браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.
  • У сьнежні ўкраінцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Новочеркасск».
  • 12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяінага расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».
  • На пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Москва».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG