Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка расказаў, як пяць гадзін тлумачыў украінскім памежнікам розьніцу між беларусамі і Лукашэнкам


Франак Вячорка ў часе свайго выступу на Львоўскім мэдыяфоруме, 18 траўня 2024. Фота LMF
Франак Вячорка ў часе свайго выступу на Львоўскім мэдыяфоруме, 18 траўня 2024. Фота LMF

У Львове прайшоў найбольшы мэдыяфорум ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе. 

У Львове ва ўмовах вайны адбыўся юбілейны, дзясяты, мэдыяфорум (LMF), які сабраў больш за 500 удзельнікаў з краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Як паведамляецца на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета форум праходзіў у падвальным памяшканьні-бомбасховішчы. Ад Беларусі на ім выступіў Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.

«Пяць гадзін я адказваў на пытаньні ўкраінскіх памежнікаў пры ўезьдзе сюды. Але мне ўдалося давесьці ім, што беларускі народ і рэжым Лукашэнкі — розныя рэчы», — сказаў Франак Вячорка.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі, якую падтрымала Беларусь супраць Украіны, грамадзяне Беларусі і Расеі пры ўезьдзе ва Ўкраіну праходзяць пільную праверку на мяжы і адказваюць на пытаньні памежнікаў, што фіксуецца на відэа. Потым на падставе гэтай размовы ўхвальваецца рашэньне аб пропуску ці адмове ва ўезьдзе ва Ўкраіну. Інструкцыі не абмяжоўваюць час, цягам якога мусіць адбыцца гэтая працэдура.

У сваім выступе на форуме Франак Вячорка падкрэсьліў, што барацьба беларускага і ўкраінскага народаў за свабоду мае шмат агульных рысаў, але для глыбейшага разуменьня вельмі важна ведаць гістарычны кантэкст.

«Акупацыя Беларусі была больш працяглай: Расея зьнішчала ўсё, пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя. Яшчэ гадоў сто таму беларусы размаўлялі на роднай мове, цяпер — толькі каля дзесяці адсоткаў насельніцтва. Але апошнім часам сытуацыя зьмяняецца да лепшага дзякуючы моладзі, сучасным тэхналёгіям. Адбываецца працэс адраджэньня культуры і мовы», — сказаў ён.

Франак Вячорка таксама зьвярнуў увагу на тое, што пратэсты, якія ахапілі Беларусь у 2020 годзе, былі выкліканыя не эканамічнымі прычынамі: людзі выбралі шлях у Эўропу, і гэта шлях, у які беларусы вераць.

«Лукашэнка цалкам зьнішчыў альтэрнатыўныя мэдыя. Але ў нас застаецца інтэрнэт і дзейнасьць у падпольлі. Зараз ідзе вострая барацьба ў інфармацыйнай прасторы. Журналісты працуюць, нягледзячы на тое, што няма доступу да крыніц, доступу да месца падзей. Таму ўзрастае роля чытача. Цяпер чытачы становяцца часткай мэдыя, яны праліваюць сьвятло на падзеі ў Беларусі. Гэта стала свайго роду нацыянальным спортам: тысячы людзей у Беларусі, нават у самой сыстэме, перадаюць зьвесткі незалежным мэдыя», — паведаміў ён.

Франак Вячорка падкрэсьліў, што цяпер ёсьць дзьве Беларусі.

«Адна Беларусь — акупаваная, дзе незалежнасьць толькі ўяўная. Яе можна параўнаць з Францыяй часоў Вішы. Яна хутка і імкліва русыфікуецца. Другая Беларусь — віртуальная, яна існуе ў інтэрнэт-прасторы і ў экзылі. І на яе мы можам паўплываць! Створаны тысячы ініцыятыў за мяжой, школы зь беларускай мовай, шматлікія курсы, беларусы падтрымліваюць свае традыцыі, адзначаюць сьвяты. Наша задача — аб’яднаць дзьве гэтыя Беларусі», — адзначыў ён.

Як ён патлумачыў сайту БАЖ, такія «базавыя рэчы» ён мусіць гаварыць у тым ліку і таму, што на форуме было шмат іншаземных прадстаўнікоў, якія няшмат ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі.

«Тут больш за палову ўдзельнікаў — іншаземцы, іх разуменьне Беларусі даволі павярхоўнае, але нават і сярод украінцаў веданьне агульнае. Так, яны чулі нешта пра 2020 год, пра полк Каліноўскага. Але няма глыбіннага разуменьня, напрыклад, чаму беларусы выходзілі мірна ў 2020 годзе, чаму ня скінулі Лукашэнку, як украінцы скінулі Януковіча. Гэтае пытаньне літаральна толькі што мне задавалі ўкраінскія журналісты зноў. Але нават у ім хаваецца неразуменьне кантэксту і гістарычнай дынамікі», — патлумачыў Франак Вячорка.

Паводле яго, таму лепш рэгулярна паўтараць гэтыя рэчы: і пра тое, што ёсьць альтэрнатыўная нелукашэнкаўская Беларусь, і пра тое, якія свабоды беларусы мелі і маюць у параўнаньні з украінцамі, якія ёсьць падабенствы, бо лукашэнкаўскія наратывы падобныя на тое, што Пуцін робіць на акупаваных тэрыторыях.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG