Свабода пагаварыла з трыма былымі беларускімі незалежнымі журналістамі пра тое, як зьмянілася іхнае жыцьцё, калі яны пакінулі сваю прафэсію. Гэтая публікацыя Свабоды прысьвечаная Дню свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня.
Беларуская журналістыка кардынальна памянялася пасьля 2020 году. Большасьць незалежных рэдакцый разграмілі сілавікі. Мэдыя працягваюць працаваць зь Літвы, Польшчы, Грузіі, Чэхіі. У многіх мэдыйных вакансіях зьявіўся крытэр: чалавек мае знаходзіцца не ў Беларусі.
Большасьць незалежных мэдыя рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкімі» і заблякаваў іх сайты на тэрыторыі Беларусі. Чытаць такія мэдыя, як і даваць ім інтэрвію, цяпер небясьпечна. За гэта садзяць у турму. Упалі прагляды і колькасьць падпісчыкаў.
Журналістам стала складаней здабываць інфармацыю знутры Беларусі, бо яны не знаходзяцца самі на месцы падзей, а многія беларусы адмаўляюцца размаўляць, бо небясьпечна. Большасьць камэнтароў знутры Беларусі цяпер ананімныя, многія фота — бяз твараў. Такую ж умову паставілі і ўсе героі гэтага артыкула.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, 36 супрацоўнікаў беларускіх мэдыя цяпер за кратамі. Сярод іх і галоўныя рэдактары. Самы вялікі тэрмін атрымаў журналіст Свабоды Ігар Лосік — 15 гадоў калёніі. За кратамі цяпер трое супрацоўнікаў беларускай службы Радыё Свабода.
Стырно фуры замест фатакамэры
Уладзімеру* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) больш за 40 гадоў. Ён супрацоўнічаў з TUT.BY як фатограф да 18 траўня 2021 году, калі разграмілі рэдакцыю. Гэта быў апошні дзень ягоных здымак для партала.
«Я сеў і пачаў думаць, куды ўсё ідзе. Слухаў разумных людзей. Яны казалі пра закручваньне гаек, пра будучую эканамічную ***у. Усё часьцей стала зьяўляцца пытаньне: «Ці можаш ты на гэты заробак пабудаваць дом?! Адказ быў дакладны: не, немагчыма», — успамінае суразмоўца.
Каб заставацца фатографам, ён мог бы здымаць вясельлі, але ў гэты бізнэс, на думку адмыслоўца, складана ўвайсьці. Можна было спрабаваць рабіць фота на ўзроўні супрацоўнікаў міжнародных агенцыяў, якіх у Беларусі тады працавалі адзінкі, або рабіць камэрцыйныя здымкі тавараў, што Ўладзімеру было нецікава.
Тады ён кардынальна памяняў працу. На выбар паўплывала захапленьне тэхнікай, падарожжамі, добрыя заробкі. Уладзімер пайшоў вучыцца, каб атрымаць правы кіроўцы катэгорый С і Е. Гэта заняло 4 месяцы. Паралельна падпрацоўваў фатографам. Потым прадаў аўтамабіль і фататэхніку. У кастрычніку 2021 году канчаткова кінуў журналістыку і пайшоў у дальнабойнікі.
Знаёмыя расказвалі яму пра заробкі ў гэтай сфэры па 2,5 тысячы эўра за месяц.
«Я такіх грошай ніколі не трымаў. Журналісты, асабліва ў нас, не трымаюць такіх грошай», — эмацыйна кажа ён.
Суразмоўца кажа, што тады зразумеў — з такім заробкам здолее пабудаваць дом. Цяпер працуе на эўрапейскіх маршрутах. Сваё рашэньне называе выхадам з зоны камфорту.
«Гэта было вельмі жорстка. Я ніколі ня быў у такіх умовах. Я ніколі раней ня спаў у вагончыку ў лютым у сьнезе, не цягаў акумулятараў, шынаў і ўсяго, што прасілі і абяцалі заплаціць, а ў выніку не заплацілі», — прызнаецца хлопец.
Ён успамінае, як хадзіў журналістам на фуршэты, культурныя імпрэзы, а потым трапіў абсалютна ў інакшае асяродзьдзе кіроўцаў.
«Я быў у шоку! Што такое „вадзілы“? Мат-перамат. Якія асабістыя межы? Якая ветлівасьць? Калі па лбе не далі, ужо дзякуй. Гэта было вельмі жорстка», — успамінае ён.
Пасьля першай кадэнцыі (тэрміну бесьперапыннай працы працягласьцю некалькі месяцаў. — РС) ён вярнуўся бяз штрафаў і аварый. Уладзімера адразу перавялі з навічкоў у «дэмбелі». Перасталі прымушаць цягаць шыны і акумулятары. Пачалі вітацца зь ім за руку, сталі пытацца ягонай думкі, прыкладам, пра пэрыяд адпачынку. Гэты пераход заняў паўгода. Уладзімер кажа, што калі б цяпер давялося прайсьці гэты шлях наноў, ён яго не паўтараў бы.
Але цяпер прывык, прызнаецца суразмоўца. Праца прыносіць добры даход. Мужчына стаў падарожнічаць у далёкія краіны, на якія раней не хапала грошай. З кадэнцыі, якая доўжыцца некалькі месяцаў, можа адкладаць у сярэднім 2 тысячы эўра. Цяпер зьбірае грошы на пераезд у Канаду, бо Эўропа яму ўжо надакучыла.
«Парыж — гэта дзіра, прытулак бамжоў і мігрантаў. Сапраўдная Францыя — у вёсках, гэтаксама ў Італіі і Гішпаніі. Паглядзець можна ў Барсэлёне на „Фамілію“ (сабор Sagrada Familia. — РС), у Парыжы — на вежу, у Мюнхэне — на касьцёл (Frauenkirche. — РС). Эўропа вельмі малая», — з пагардай кажа дальнабойшчык.
Пераехаць у Канаду або Аўстралію Ўладзімер хацеў бы, бо яму больш падабаюцца вялікія адлегласьці. Можна тыдзень везьці адзін груз. У Эўропе яго напружваюць кароткія адлегласьці, неабходнасьць часта езьдзіць па малых мястэчках, упісваць 19-мэтровую фуру ў вузкія вулачкі, часта загружаць і разгружаць тавары.
Спачатку думкі кінуць гэтую працу прыходзілі пэрыядычна, бо цяжка фізычна, вялікая адказнасьць. Аднак потым трапіў на зручнейшы маршрут і супакоіўся. Пасьля некалькіх месяцаў у кабіне ён ужо «не вар’яцее».
Уладзімер кажа, што са зьменай працы цалкам памяняўся лад жыцьця. Цяпер усе ягоныя рэчы месьцяцца ў дзьвюх-трох торбах. Ён стаў менш прывязвацца да матэрыяльнага. Дом замяняе кабіна фуры. Зрэдку наймае гатэль, каб камфортна паспаць. Сну стала менш праз раньнія выезды. Стаў мацнейшы. Пазбавіўся лішняй вагі. Ежу спажывае досыць простую, але здаровую. Перастаў глядзець на цэны ў крамах.
«Калі ў цябе ў кішэні ляжыць пару тысяч эўра, няма сэнсу глядзець, 1,99 ці 2,99 эўра. Перастаў лічыць кожную капейку. Адчуваю сябе чалавекам: захацеў — набыў. Добра, што я не люблю шмат рэчаў. Я прыходжу ў краму і магу набыць усё, але мне нічога ня трэба, і я нічога не набываю», — разважае суразмоўца.
Гадзінаў працы ў былога журналіста стала больш. Бываюць дні, калі ён ад стомы ня можа згатаваць сабе вячэру. Фатаграфуе цяпер у вольны час, гэта як хобі.
Былы журналіст мяркуе, што мог бы неўзабаве набыць у крэдыт кватэру ў Польшчы або Гішпаніі. У Канадзе гэта было б складаней.
Уладзімер кажа, што не сумуе па радзіме, бо яму «і так ёсьць ад чаго пакутаваць». Ён дасьледаваў, як адбывалася міграцыя беларусаў каля ста гадоў таму. І абраў для сябе быць менш вядомым, але ацалелым, чым героем, які застаўся на радзіме, але сядзеў у турме і, магчыма, загінуў.
Ягоны падыход да навінаў амаль не зьмяніўся. Толькі з пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стаў больш чытаць украінскіх СМІ.
Самае цяжкое рашэньне
Настасься працавала ў журналістыцы 15 гадоў. Сышла ў 2022 годзе, калі ейнае мэдыя пачало называць вайну ва Ўкраіне «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».
«Вырашыла, што не магу на гэта пагадзіцца, бо ў мяне было іншае стаўленьне да гэтага ўсяго. Сыходзіла я ў нікуды. Разумела, што працаваць журналістам у Беларусі я не змагу ніколі», — успамінае Настасься.
Першая думка сысьці з журналістыкі да яе прыйшла, калі ўлады закрылі Tut.by у 2021 годзе.
«Я лічу, што журналістыка — ня проста прафэсія, а дамова грамадзтва з пэўнай асобай пра тое, што тая будзе выкрываць заганы грамадзтва, праблемы, дапамагаць яму. А грамадзтва, калі гэта спатрэбіцца, будзе адстойваць інтарэсы людзей, якія працавалі журналістамі», — разважае суразмоўца.
Суразмоўца прызнаецца, што расчаравалася, калі пасьля разгрому Tut.by ніхто ня выйшаў на вуліцы на акцыі салідарнасьці і мала хто выказаўся ў падтрымку партала ў сацыяльных сетках.
«Стала зразумела, што ніякай дамовы ў нас з грамадзтвам не было, і кожны сам па сабе», — падсумоўвае яна.
Настасься сышла спачатку ў копірайт, потым у SMM і маркетынг. Кажа, што шкадавала аб гэтым.
«Гэта самае цяжкое маё рашэньне на дадзены момант», — гаворыць яна, стрымліваючы сьлёзы.
Суразмоўца мяркуе, што здолее вярнуцца ў журналістыку толькі тады, калі ў Беларусі адбудуцца зьмены і можна будзе называць рэчы сваімі імёнамі. Пасьля сыходу з прафэсіі Настасься перастала пастаянна адчуваць віну і адказнасьць «за ўсё перад усімі».
«Так атрымалася, што беларускія мэдыя вінаватыя перад усімі: перад грамадзтвам, перад людзьмі, перад уладамі. Нават нашыя калегі з Украіны або Расеі, якія лічацца апазыцыйнымі, могуць прыйсьці і пачаць абражаць беларускіх журналістаў, што мы не пра тое пішам», — разважае беларуска.
Да таго ж яна менш стала перажываць за сваю бясьпеку і сваіх сяброў. Настасься мяркуе, што ня столькі ейная грамадзкая пазыцыя, колькі ейная праца магла стаць прычынай затрыманьня.
Пасьля звальненьня з рэдакцыі дзень былой журналісткі амаль не памяняўся. Працуе яна, як і раней, шмат. Але праца стала менш нэрвовай, няма жорсткіх дэдлайнаў. Цяпер Настасься любіць супрацоўнічаць з былымі журналістамі, бо тыя, кажа, добра разумеюць дэдлайны і працуюць на вынік.
Цяперашні зьмест працы ў маркетынгу ёй цікавы — там трэба вырашаць задачы, працаваць зь людзьмі. Мяркуе, што гэта падобна да журналістыкі. У SMM жа яна працаваць ня здолела, бо, робячы вялікія публікацыі, адчувала, што не рэалізоўвае свой патэнцыял.
Заробак Настасьсі на новым месцы вырас утрая. Суразмоўца перакананая, што ў беларускай журналістыцы яна ня здолела б зарабляць такія грошы.
Навіны Настасься чытае і цяпер, але значна менш, каналы два — каб разумець, што робіцца ў Беларусі і за мяжой. Яна з сумам заўважае, што многім мэдыя не хапае фінансаваньня. Бачыць, што не хапае карэктараў, дызайнэраў, SMM-шчыкаў.
Пагаршаюць якасьць публікацый, на ейную думку, ананімныя камэнтары. Чытач менш ім давярае. Былая журналістка бачыць, што частку інфармацыі мэдыя ў эміграцыі капіююць з рэсурсаў, якія застаюцца працаваць у Беларусі, бо ня могуць самі зрабіць падобны матэрыял. Тэматыка мэдыя ў эміграцыі — усё часьцей пра эмігрантаў і менш пра беларусаў у Беларусі, адзначае Настасься. Але яна перакананая, што лепей так, чым ніяк.
«Але гэта не віна журналістаў. Гэта абставіны. Я ганаруся ўсімі і вельмі ўдзячная ўсім, хто застаецца ў прафэсіі. Я разумею, наколькі сёньня цяжка, калі ўсе хочуць сказаць толькі ананімна, калі даведацца нешта зь Беларусі цяжка, здымаць фота і відэа ў Беларусі амаль немагчыма. Журналісту, які ня можа быць на месцы падзей, вельмі цяжка працаваць у такіх абставінах», — мяркуе суразмоўца.
Яна захапляецца журналістамі, якія застаюцца ў прафэсіі, якія рызыкуюць бясьпекай сваякоў у Беларусі, а таксама маёмасьцю, якую могуць забраць праз завочныя суды. Абураецца, што журналістаў некаторыя крытыкуюць за недасканалую працу.
«Як я магу ацэньваць працу гэтых людзей, калі для мяне гэта героі?! Гэта бяз патасу», — кажа яна.
У будучыні Настасься хацела б вярнуцца ў журналістыку.
«Для мяне гэта, магчыма, мара. Мне здаецца, журналіст — гэта прафэсія, зь якой нармальныя людзі не сыходзяць. Гэтыя людзі вельмі адчуваюць, што яны робяць, навошта. Нішто іншае не дае такіх сэнсаў, як журналістыка», —на гэтых словах Настасься пачынае плакаць.
Яна спадзяецца, што ў будучым у Беларусі зьявяцца грамадзкія мэдыя, якія фінансуюць самі людзі. Мяркуе, што цяпер кожнае беларускае мэдыя мае іншых бэнэфіцыяраў, і гэта, паводле яе, ня вельмі добра. Хоць на тое, што нешта можа зьмяніцца ў краіне ў бліжэйшы час, глядзіць цяпер пэсымістычна.
Гульня ў журналістыку
Ксенія працавала фатографам для мэдыя больш за 10 гадоў. У 2021-м зьехала зь Беларусі пасьля разгрому многіх незалежных рэдакцый. Мяркуе, што з гэтага часу ў яе пачалася «гульня ў журналістыку», або «журналістыка эмігранта». Калі журналіст, які піша, можа ствараць тэксты пра Беларусь на адлегласьці, то фатографу амаль немагчыма здымаць Беларусь не ў Беларусі.
Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, беларускія фатографы маглі паехаць і здымаць там — і зноў адчуць значнасьць сваёй прафэсіі, нягледзячы на цынізм сытуацыі, кажа Ксенія.
«Журналісты, якія былі патрэбныя ў 2020 годзе і да гэтага, аказаліся непатрэбныя ў эміграцыі. Бо ва ўсіх мэдыя скарочаны бюджэт, ва ўсіх няма грошай ні на што. Усе выжываюць, як могуць. Першыя, хто трапляе пад раздачу, гэта фатографы. Бо ў нас лічыцца, што як што, то журналіст і сам можа зрабіць фотачку», — эмацыйна кажа Ксенія.
Суразмоўца кажа, што яна пагаджалася на разавыя замовы, ня вельмі творчыя і цікавыя. Проста каб зарабіць на жыцьцё.
«Эмігранты не адмаўляюцца ад прапановаў, бо іх ня так шмат», — кажа яна.
Па словах Ксеніі, яна рэалістычна глядзела на рэчы і чакала для фатографаў за мяжой нават горшай сытуацыі.
«Але калі я скажу, што зусім не крыўдавала, гэта будзе няшчыра. Мне было трошку крыўдна на сытуацыю, што так атрымалася. Бо калі нейкі замесік у Беларусі адбываецца, ты павінен там быць, хоць гэта рызыкоўна. Калі цябе ня будзе, то ты будзеш незапатрабаваны. А потым ты зьяжджаеш, і ты нікому не патрэбны. „Прабачце, але ў нас няма грошай“», — кажа фатографка.
Яна бачыць, што многія фатографы за мяжой калі і застаюцца працаваць у рэдакцыях, то займаюцца ўжо іншай працай: пішуць навіны, вядуць сацыяльныя сеткі.
Калі Ксенія працавала ў рэдакцыі, то была больш уцягнутая ў парадак дня, больш сачыла за навінамі, за тым, што робяць калегі. У апошнія гады яна заўважыла, што многія СМІ перадрукоўваюць адзін аднаго. Таму пакінула падпіску толькі на некалькі буйных беларускіх незалежных каналаў. Не заўсёды іх чытае, але такім чынам выказвае падтрымку мэдыя. Нядаўна заўважыла, што ў адным з такіх мэдыйных каналаў у яе 300–400 непрачытаных допісаў.
«Я зразумела, што пачынаю адыходзіць ад прафэсіі», — кажа яна.
Ксенія са зьдзіўленьнем назірае, што калегі і з-за мяжы робяць, на ейную думку, якасныя матэрыялы, запісваюць сьведчаньні людзей у Беларусі. Хоць яна ведае, што многія былыя знаёмыя проста не адказваюць на паведамленьні журналістаў, нават не зьвязаныя з працай, дзеля сваёй бясьпекі.
Аднак журналісты, якія не жывуць у Беларусі, менш адчуваюць, што адбываецца ў краіне, заўважае Ксенія. Тэмы сталі больш эмігранцкімі, такімі, што менш цікавыя беларусам у Беларусі.
Адбыліся зьмены ў бясьпецы. Па фатаздымках 2020 году можна ідэнтыфікаваць людзей, якія бралі ўдзел у пратэстах, і прыцягнуць іх да адказнасьці. Але ўсе гэтыя фота цяпер нельга выдаліць адной кнопачкай, кажа фатографка. Памяняліся стандарты ў выбары архіўных фота для публікацыі — пажадана, каб на іх не было відаць твараў людзей, тэксты сталі збольшага з ананімнымі суразмоўцамі.
«Расказвае герой, які не называе свайго імя. Піша журналіст, які не называе свайго прозьвішча. На фота таксама не відаць твару. Ці не сутыкнёмся мы калісьці з тым, што журналіст сядзе, прыдумае сам сабе тэкст і напіша? Спадзяюся, што такога ня будзе», — дзеліцца думкамі суразмоўца.
Эўрапейскія ганарары большыя за беларускія, кажа фатографка, але атрымаць замовы складана. Пасьля 2020 году існавалі некалькі праектаў, якія падтрымлівалі фатографаў. Таксама архіўныя фота зь Беларусі набывалі замежныя рэдакцыі. Цяпер больш праектаў накіраваныя на падтрымку ўкраінцаў, адзначае суразмоўца.
Ёй складана ацаніць свой даход за мяжой. Калі б жыла адна, то, можа, давялося б шукаць абсалютна іншую працу, кшталту касіркі ў сетцы крамаў «Biedronka», — мяркуе Ксенія.
У апошні год Ксенія зрабіла перапынак у журналістыцы і не выключае, што зусім сыдзе з прафэсіі і зоймецца сямейнымі, партрэтнымі фатасэсіямі. Яна б хацела некалі цалкам вярнуцца ў прафэсію. Цяпер у разгубленасьці, бо ня ведае, што можа быць для яе такім жа цікавым, як журналістыка, чым яна магла б гэтак жа займацца дзень і ноч.
«Гэта прафэсія мары. Так, гэта складана. Ты штодзень займаесься чымсьці розным. У цябе ёсьць доступ да таго, да чаго б не было зь іншай прафэсіяй. Ты ніколі ня ведаеш, дзе ты можаш апынуцца. Я ўспамінаю падзеі ў Беларусі, дзе я была, і думаю: „Ух, у мяне такі досьвед!“ Нават калі гэта толькі драма, пасьля якой табе патрэбны псыхатэрапэўт, што можа быць цікавейшым?!» — кажа Ксенія.
Форум