Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн назваў «абуральным» патрабаваньне пракурора Міжнароднага крымінальнага суду выдаць ордэр на арышт Нэтаньягу


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн (справа) і прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нетаньягу, архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн (справа) і прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нетаньягу, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў патрабаваньне пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) Карыма Хана выдаць ордэры на арышт прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу і міністра абароны краіны Яава Галянта.

«Патрабаваньне пракурора МКС выдаць ордэры на арышт ізраільскіх лідэраў абуральнае. Скажу ясна: на што б ні намякаў пракурор Міжнароднага крымінальнага суду, нельга ставіць знак роўнасьці паміж Ізраілем і ХАМАС (групоўка, прызнаная ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай. — Рэд.). Мы заўсёды будзем падтрымліваць Ізраіль і супрацьстаяць пагрозам яго бясьпецы», — сказаў Байдэн у заяве, апублікаванай Белым домам.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен такесама заявіў, што Вашынгтон «катэгарычна адхіляе» запыт пракурора МКС, у якім, па словах Блінкена, ён «прыраўняў» Ізраіль і ХАМАС.

Блінкен адзначыў, што задоўга да цяперашняга канфлікту на Блізкім Усходзе ЗША «ясна далі зразумець, што МКС ня мае юрысдыкцыі ў гэтым пытаньні». Кіраўнік Дзярждэпартамэнту лічыць, што рашэньне пракуратуры можа таксама паставіць пад пагрозу намаганьні ў дасягненьні пагадненьня аб спыненьні агню, якое дазволіла б вызваліць закладнікаў і павялічыць абʼём гуманітарнай дапамогі.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе разгледзіць пытаньне аб выдачы ордэра на арышт прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу, міністра абароны краіны Яава Галянта, палітычнага лідэра радыкальнай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ганіі, камандуючага вайсковым крылом арганізацыі Мухамада Дыяба аль-Масры і лідэра групоўкі ў сэктары Газа Ях'я Санвара.

Арыштаваць іх запатрабаваў пракурор МКС Карым Хан, гаворыцца на сайце суду. Пра гэта ж Хан сказаў у інтэрвію CNN.

У паведамленьні на сайце суду ад імя пракурора сьцьвярджаецца, што ёсьць усе падставы меркаваць, што Нэтаньягу і Галянт, а таксама трое лідэраў ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ, маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці на тэрыторыі сэктара Газа і Ізраілю.

Гаворка ідзе пра напад ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, падчас якога былі забітыя каля 1200 чалавек і больш за 200 захопленыя ў закладнікі, і распачатай Ізраілем у адказ кампаніі ў падкантрольным ХАМАС сэктары Газа, якая працягваецца дагэтуль. Паводле дадзеных палестынскага боку, у Газе з кастрычніка мінулага году загінулі больш за 35 тысяч чалавек, галоўным чынам цывільныя жыхары.

Лідэраў ХАМАС пракурор МКС абвінавачвае ў масавых забойствах, узяцьці закладнікаў, актах сэксуалізаванага гвалту, катаваньнях і жорсткім абыходжаньні зь людзьмі. У прыватнасьці адзначаецца, што абвінавачаньне лічыць Санвара, аль-Масры і Ганію вінаватымі ў забойстве сотняў грамадзян Ізраілю падчас нападаў 7 кастрычніка. Карым Хан таксама заклікаў неадкладна вызваліць усіх закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG