Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны крымінальны суд разгледзіць запыт аб арышце прэм’ера і міністра абароны Ізраілю і трох лідэраў ХАМАС


Карым Хан, пракурор Міжнароднага крымінальнага суду, архіўнае фота
Карым Хан, пракурор Міжнароднага крымінальнага суду, архіўнае фота

Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе разгледзіць пытаньне аб выдачы ордэра на арышт прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу, міністра абароны краіны Яава Галянта, палітычнага лідэра радыкальнай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ганіі, камандуючага вайсковым крылом арганізацыі Мухамада Дыяба аль-Масры і лідэра групоўкі ў сэктары Газа Ях'я Санвара.

Арыштаваць іх запатрабаваў пракурор МКС Карым Хан, гаворыцца на сайце суду. Пра гэта ж Хан сказаў у інтэрвію CNN.

У паведамленьні на сайце суду ад імя пракурора сьцьвярджаецца, што ёсьць усе падставы меркаваць, што Нэтаньягу і Галянт, а таксама трое лідэраў ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ, маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці на тэрыторыі сэктара Газа і Ізраілю.

Гаворка ідзе пра напад ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, падчас якога былі забітыя каля 1200 чалавек і больш за 200 захопленыя ў закладнікі, і распачатай Ізраілем у адказ кампаніі ў падкантрольным ХАМАС сэктары Газа, якая працягваецца дагэтуль. Паводле дадзеных палестынскага боку, у Газе з кастрычніка мінулага году загінулі больш за 35 тысяч чалавек, галоўным чынам цывільныя жыхары.

Лідэраў ХАМАС пракурор МКС абвінавачвае ў масавых забойствах, узяцьці закладнікаў, актах сэксуалізаванага гвалту, катаваньнях і жорсткім абыходжаньні зь людзьмі. У прыватнасьці адзначаецца, што абвінавачаньне лічыць Санвара, аль-Масры і Ганію вінаватымі ў забойстве сотняў грамадзян Ізраілю падчас нападаў 7 кастрычніка. Карым Хан таксама заклікаў неадкладна вызваліць усіх закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС.

Лідэраў Ізраілю пракурор МКС абвінаваціў у выкарыстаньні голаду як мэтаду вядзеньня баявых дзеяньняў, у наўмысным прычыненьні цяжкіх пакут і забойствах цывільнага насельніцтва. Упор у абвінавачаньні робіцца на абмежаваньне доступу гуманітарных грузаў у Газу, што, як сьцьвярджае пракурор, вядзе да пакут цывільных жыхароў і голаду ў Газе.

«Ізраіль, як усе краіны, мае права абараняць сваё насельніцтва. Гэтае права, аднак, не вызваляе Ізраіль і любую іншую дзяржаву ад неабходнасьці выконваць міжнароднае крымінальнае права», — заявіў пракурор МКС. Па словах Хана, абвінавачваньні грунтуюцца на доказах, у тым ліку паказаньнях сьведак — як ізраільцян, гэтак і палестынцаў.

Судзьдзі МКС зараз павінны разгледзець запыт пракурора і прыняць рашэньне, выдаваць ордэры на арышт ці не. Калі гэта адбудзецца, пакуль невядома.

У ХАМАС асудзілі заяву пракурора, выступіўшы са сьцьвярджэньнем, што яна «ўраўноўвае ахвяру і ката». Ізраільскі міністар Бэні Ганц назваў рашэньне пракурора МКС «злачынствам гістарычных маштабаў», адзначыўшы, што яно ставіць на адну дошку кіраўнікоў дэмакратычнай дзяржавы і «крыважэрнай тэрарыстычнай арганізацыі». Заяву Хана асудзіла і ізраільская апазыцыя. Рэакцыі самога Нэтаньягу пакуль не было.

Раней Ізраіль у адказ на абвінавачаньні ў парушэньні міжнароднага права і ваенных злачынствах заяўляў, што дзейнічае ў рамках самаабароны, адзначаў, што ХАМАС выкарыстоўвае ў сваіх мэтах цывільныя абʼекты ў Газе і што менавіта радыкальная групоўка 7 кастрычніка напала на Ізраіль.

Міжнародны крымінальны суд дзейнічае на падставе Рымскага статута, ратыфікаванага большасьцю краін сьвету. У яго кампэтэнцыю ўваходзіць, у прыватнасьці, перасьлед асоб, адказных за генацыд, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці. Ізраіль, як і, напрыклад, такія краіны, як ЗША і Расея, не ратыфікавалі Рымскі статут і заяўляюць, што юрысдыкцыя суду на іх не распаўсюджваецца.

Краіны, якія ўдзельнічаюць у рабоце МУС, аднак, абавязаныя супрацоўнічаць зь ім і, у прыватнасьці, у выпадку выдачы ордэра на арышт прыняць меры для затрыманьня асобы, якую шукае МКС. У 2022 годзе суд выдаў ордэр на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна — у сувязі з абвінавачаньнямі ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з тэрыторыі Ўкраіны. З таго часу Пуцін ня езьдзіў зь візытамі ў краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, у тым ліку і «дружалюбныя» Расеі.

Пазоў супраць Ізраілю разглядае таксама іншы суд, разьмешчаны ў Гаазе, — Міжнародны суд ААН. У адрозьненьне ад МКС, рашэньні гэтага суду абавязковыя для выкананьня ўсімі краінамі-чальцамі ААН. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і шэраг іншых краін абвінавацілі Ізраіль у генацыдзе ў сувязі з баявымі дзеяньнямі ў Газе. Разгляд пазову, як чакаецца, зойме гады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG