З 1 ліпеня зьменяцца нормы па часе і матэрыялах. Гэтыя захады павінны зрабіць паслугі зубных лекараў таньнейшымі за сёньняшнія расцэнкі. Адпаведная пастанова Міністэрства аховы здароўя зьявілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пастанова аптымізавала 169 паслуг у стаматалёгіі і актуалізавала нормы расходу матэрыялаў па 37 пазыцыях. Калі раней на агляд пацыента пры першасным звароце адводзілася 20 хвілін, то зараз будзе толькі 15. Час агляду пры паўторным звароце не зьмяніўся: на гэта па-ранейшаму закладваюць 10 хвілін.
Норму кансультацыі стаматоляга з вучоным званьнем скарацілі ўдвая: з 40 хвілін да 20.
Дакумэнт дакладна прапісвае, колькі матэрыялаў па норме належыць выкарыстоўваць і згодна зь якім лекарскім рашэньнем. Напрыклад, пры накладаньні часовай плёмбы мяркуецца, што мэдыкам спатрэбіцца два грама ваты або два цэлюлёзныя валікі і 0,3 грама плямбавальнага матэрыялу.
Мяркуецца, што на выдаленьне аднаго аднакарэневага зуба абцугамі стаматоляг-хірург і мэдычная сястра трацяць 10 хвілін і 5 мл антысэптыку.
Летась урад прыняў пастанову, якая тычылася артапэдычных, зубатэхнічных, тэрапэўтычных, хірургічных і артадантычных паслуг у краіне. Плянавалася, што выдаленьне малочнага зуба ў сярэднім патаньнее на 33%, а лячэньне сярэдняга карыесу — на 47%.
Сёлета Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю праверыла тарыфы і абгрунтаванасьць цэнаў на стаматалягічныя паслугі. З правераных у лютым 32 суб’ектаў гаспадараньня парушэньні выявілі ў трох.
Пры гэтым улады адкрыта прызналі, што дырэктыўныя захады ў стаматалягічнай галіне не прынесьлі жаданага эфэкту.
Форум