Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Алесь Салагуб — «француз зь Беларусі», бацькі якога паверылі Сталіну


Алесь Салагуб. Маладэчна, 2018
Алесь Салагуб. Маладэчна, 2018

На 91-м годзе жыцьця ў Маладэчне памёр герой кнігі «Дзеці Францыі», якая выйшла на аснове публікацый Свабоды, і свабодаўскага фільма «Француз зь Беларусі» Алесь Салагуб.

Аляксандар Салагуб нарадзіўся 26 кастрычніка 1935 года ў шахтарскім гарадку Алес на поўдні Францыі.

Сёлета ён адзначыў 90 год, быў рады публікацыі на сайце Свабоды ягонай гісторыі, а потым кнігі Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі», яшчэ пабачыў фільм Свабоды пра ягоны лёс «Француз зь Беларусі. Як сям’я Салагубаў паверыла Сталіну і вярнулася ў СССР».

Ён быў актыўны і жыцьцярадасны да 90 год, але неўзабаве пасьля юбілею перанёс інсульт і месяц прабыў у коме.

Менавіта Алесь Салагуб першым у размове з францускімі дыпляматамі ў Менску назваў сябе «дзіцём Францыі».

Ён у 1999-м напісаў ліст прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку, дачакаўся ад таго адказу, атрымаў запрашэньне наведаць родны горад Алес (Alès) у Правансе.

Аляксандар Салагуб больш 10 разоў пабываў у Францыі, праз 53 гады пасьля ад’езду з Францыі да яго «вярнулася» француская мова. Ён уладкаваў у Францыі сям’ю свайго сына Аляксандра.

Дакумэнтальны фільм Свабоды пра лёс сям’і Алеся Салагуба, якая паддалася на савецкую прапаганду і пасьля Другой сусьветнай вайны вярнулася ў СССР:

У 1930 годзе бацька Алеся паехаў на заробкі ў Францыю, а пасьля Другой сусьветнай вайны, паверыўшы Сталіну, вырашыў прыехаць у СССР, аб чым пазьней шкадаваў. Такіх беларускіх рээмігрантаў з Францыі было некалькі тысяч.

Пасьля Францыі Алесь, як і яго бацька, цяжка працаваў у шахце на Данбасе, пераехаў у Беларусь на радзіму бацькоў, заўчасна пахаваў жонку, шмат год перапісваўся з прэзыдэнтам Францыі Жакам Шыракам, больш за 10 разоў наведваў родны горад Алес у Францыі, але жыць заставаўся ў Маладэчне.

Меў там шмат артэфактаў са свайго францускага і данецкага жыцьця, добра гаварыў па-беларуску, быў патрыётам Францыі, Беларусі і Ўкраіны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG