Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Каардынацыйную раду і беларускі пашпарт. Што ня так з новай сыстэмай для галасаваньня


Афіцыйны пашпарт грамадзяніна Беларусі і альтэрнатыўны праект. Каляж
Афіцыйны пашпарт грамадзяніна Беларусі і альтэрнатыўны праект. Каляж

Нарэшце стала вядома, як тэхнічна будуць адбывацца выбары ў Каардынацыйную раду – прагаласаваць змогуць толькі тыя, у каго на руках ёсьць беларускі пашпарт.

Здавалася б, звычайная сытуацыя для звычайных выбараў, але нашая палітычная сытуацыя далёкая ад звычайнасьці настолькі, наколькі гэта ўвогуле магчыма.

Сотні тысяч людзей знаходзяцца ў выгнаньні, у часткі зь іх замест пашпарта цяпер – уцякацкія дакумэнты. У некаторых краінах, як высьветлілася, можа быць на руках адначасова і тое, і другое, але ў Латвіі, дзе жыву я, пашпарт пры выдачы статусу ўцекача забіраюць назаўжды. Гіпатэтычна з пэўных прычынаў ва ўладаў можна папрасіць яго на кароткі тэрмін, але ці падыдуць выбары ў КС у якасьці такой прычыны, за які тэрмін і куды менавіта трэба падаць заяву – нічога з гэтага людзі, якія распрацоўвалі сыстэму выбараў, нам не паведамляюць.

Ці змогуць у адным месцы за адзін дзень атрымаць пашпарты 30 чалавек? А 300? А колькі змогуць? А заяву трэба падаваць загадзя ці яе можна будзе проста запоўніць на месцы і адразу ж атрымаць пашпарт? У мяне пакуль складваецца ўражаньне, быццам выбарчая камісія ў прынцыпе не падумала, што варта было зрабіць дасьледаваньне і падрыхтаваць нейкія інструкцыі для людзей у розных краінах. Дый хоць бы фармальна (халера зь ёй, са шчырасьцю) выбачыцца за тое, што не знайшлі лепшага рашэньня, чым прымаць у цяперашніх рэаліях толькі беларускі пашпарт для вэрыфікацыі асобы.

Распрацоўнік Павал Лібер называе плятформу, створаную для гэтых выбараў, унівэрсальнай, інклюзіўнай і бясьпечнай. Я ня ўпэўненая, што менавіта ён мае на ўвазе пад унівэрсальнасьцю, і дакладна не вазьмуся неяк ацэньваць, наколькі яна бясьпечная, бо ў гэтым не разьбіраюся. Але я разьбіраюся ў інклюзіі і магу сьмела сказаць, што ўзровень інклюзіі там проста мінімальны – карыстальнікам і карыстальніцам дазволілі выкарыстоўваць пратэрмінаваныя пашпарты, ура!

Я разумею, што ад пэўных рашэньняў адмаўляліся менавіта з пытаньняў бясьпекі. Але навошта называць інклюзіўным тое, што такім не зьяўляецца? Троху больш чым за тыдзень шмат патэнцыйных выбарнікаў даведваецца, што ім (нам) давядзецца яшчэ пазмагацца за магчымасьць прагаласаваць. Асабліва іранічна, што гэта закране акурат шмат людзей, якія найбольш моцна пацярпелі ад рэжыму. Бо ў тых, хто выехаў, калі працадаўца рэлякаваў усю каманду, ёсьць беларускі пашпарт. А вось ва ўцекача, які пераплываў Дзьвіну ці якога паўпрытомнага пераносілі празь мяжу, гэтага дакумэнта няма.

І спроба перакінуць адказнасьць на выбарнікаў і выбарніц за тое, як працуе выбарчая камісія, выглядае вельмі... недарэчна. Мы ўжо дастаткова наслухаліся пра тое, што народзец з нас кепскі і мы самі ва ўсім вінаватыя. Калі тыя, хто рыхтуюць выбары і балятуюцца на іх, сапраўды хочуць, каб увесь гэты працэс быў цікавы людзям і ўспрымаўся сур’ёзна, ім варта нарэшце браць на сябе адказнасьць за свае дзеяньні.

Інакш мы проста атрымаем толькі новую бессэнсоўную аплікацыю на тэлефоне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG