Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Міністэрства фінансаў ЗША папярэдзіла банк Raiffeisen пра наступствы працы ў Расеі


Міністэрства фінансаў ЗША папярэдзіла аўстрыйскую банкаўскую групу Raiffeisen Bank International, што можа закрыць ёй доступ да даляравай сыстэмы за працу ў Расеі.

Пра гэта піша Reuters са спасылкай на крыніцу, якая азнаёмілася зь лістом ведамства.

Ліст за подпісам намесьніка міністра фінансаў ЗША Ўолі Адэйма быў накіраваны Raiffeisen 6 траўня. У ім выказвалася занепакоенасьць з прычыны працы банку ў Расеі і яго будучай угоды зь мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам, які знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі. У лісьце Адэйма адзначаў, што такая дзейнасьць Raiffeisen супярэчыць абяцаньням банку згарнуць сваю працу ў Расеі і пагражае нацыянальнай бясьпецы ЗША.

Атрымаўшы ліст, Raiffeisen скасаваў угоду на набыцьцё долі ў аўстрыйскай будаўнічай кампаніі Strabag, якую раней «ускосна кантраляваў» Дзерыпаска. Такая ўгода дазволіла б банку вывесьці частку замарожаных у Расеі сродкаў у выглядзе дывідэндаў, а Дзерыпаску — размарозіць больш за паўтара мільярда эўра. У банку адмову ад угоды патлумачылі «асьцярожнасьцю».

14 лютага прэс-служба беларускага «Прыёрбанку» паведаміла, што Raiffeisen Bank International хоча сысьці зь Беларусі і вядзе перамовы аб продажы сваёй долі ў беларускім «Прыёрбанку» і яго даччыных кампаніях.

«Raiffeisen Bank International AG (RBI) знаходзіцца на прасунутай стадыі перамоваў аб продажы 87,74% сваіх акцый у ААТ „Прыёрбанк“ і яго даччыных кампаніях інвэстару з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Soven 1 Holding Limited, што можа прывесьці да патэнцыйнага сыходу RBI зь беларускага рынку», — гаварылася ў паведамленьні.

Аўстрыйская група чакае, што пагадненьне можа прывесьці да стратаў каля 225 мільёнаў эўра ў сувязі з розьніцай паміж коштам куплі і балянсавым коштам капіталу беларускага «Прыёрбанку».

«Прыёрбанк» у Беларусі ўваходзіць у лік сыстэмна значных банкаў — найбуйнейшых крэдытных арганізацый краіны, устойлівасьць фінансавага стану якіх уплывае на банкаўскую сыстэму ў цэлым.

  • У справаздачы за 2023 год групы кампаній RBI паведамлялася, што яе актывы ў Беларусі ўпалі на 9,1% — яны крыху не дацягваюць да 2,5 млрд эўра.
  • Летась у Беларусі закрылі шэраг офісаў «Прыёрбанку».
  • У красавіку 2023 году паведамлялі, што «Прыёрбанк» можа перайсьці пад крыло расейскага «Ашчадбанку». Як сьцьвярджалі СМІ, RBI абмяркоўвала магчымы абмен сваёй даччынай крэдытнай арганізацыі «Райффайзенбанк» у РФ на эўрапейскія актывы расейскага банку. Пазьней у «Прыёрбанку» заявілі, што ніякіх камунікацый з Raiffeisen Bank International наконт гэтага ў беларускага банку не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG