Абмеркаваньне будзе доўжыцца 10 дзён.
Міністэрства эканомікі Беларусі 15 траўня вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект пераліку відаў дзейнасьці, дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў. Абмеркаваньне будзе доўжыцца 10 дзён, да 25 траўня.
У адпаведнасьці са зьменамі ў законы аб прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія набудуць моц 1 ліпеня, рэгістрацыя ІП па відах, якія ня трапяць у канчатковы пералік, будзе спыненая з 1 кастрычніка, а прадпрымальнікі, якія працуюць у гэтых сфэрах, павінны да канца 2025 году перарэгістравацца ў юрыдычную асобу.
У праект пастановы Саўміна «Аб прадпрымальніцкай дзейнасьці», які прапануецца абмеркаваць, уключаны пералікі відаў дзейнасьці, дазволеных для ажыцьцяўленьня ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка, у якасьці самастойнай прафэсійнай дзейнасьці і рамеснай дзейнасьці.
Так, у пераліку відаў дзейнасьці для ІП адсутнічае аптовы гандаль, але дазволены раздробны гандаль. У пералік дазволеных у праекце закону таксама ўключылі тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт аўтамабіляў, розныя віды транспартнай дзейнасьці, паслугі ў часовым пражываньні і грамадзкім харчаваньні, асобныя віды дзейнасьці ў вытворчасьці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, шэраг будаўнічых паслуг, рэклямную дзейнасьць. Таксама ІП змогуць здаваць жыльлё на кароткатэрміновы пэрыяд, займацца грамадзкім харчаваньнем, ім будзе дазволена вырабляць відэакантэнт, распрацоўваць праграмнае забесьпячэньне, рамантаваць кампутары і іншае (пералік няпоўны).
Шэраг відаў дзейнасьці можна ажыцьцяўляць толькі пры ўмове ліцэнзаваньня: сярод іх дзейнасьць у галіне сувязі, сацыяльных паслуг; дзейнасьць, зьвязаная з аздараўленьнем дзяцей за мяжой і працаўладкаваньнем па-за межамі Беларусі; паліграфічная дзейнасьць; дзейнасьць, зьвязаная з каштоўнымі мэталамі і камянямі і інш.
У пералік відаў дзейнасьці, якімі можна займацца як самастойнай прафэсійнай дзейнасьцю, уключылі 78 відаў дзейнасьці. Так, у сьпіс уваходзяць ляндшафтнае праектаваньне, рэпэтытарства, дызайн, распрацоўваньне вэб-сайтаў, рамонт гадзіньнікаў і інш.
У пералік відаў дзейнасьці для рамесьнікаў уключылі выраб і рамонт розных вырабаў, кавальскую справу, мастацкі росьпіс і іншыя.
Шэраг відаў дзейнасьці не ўвайшоў у пералік для рамесьнікаў, аднак іх уключылі ў пералік для самастойнай прафэсійнай дзейнасьці, напрыклад выраб сьвечак, мыла, біжутэрыі і дэкору адзеньня з шкла, дрэва, палімэрнай гліны і прыроднай смалы, віншавальных паштовак, альбомаў для фатаздымкаў, вітражоў і інш.
Цалкам сьпісы дазволеных відаў дзейнасьці можна паглядзець тут. Іх павінны зацьвердзіць да 1 ліпеня, а зьмены набудуць моц праз тры месяцы пасьля гэтага.
Рэгістрацыя ІП па відах дзейнасьці, якіх няма ў сьпісе, будзе спыненая з 1 кастрычніка.
Форум