14 траўня расейскія вайскоўцы ўдарылі па Харкаве. Паводле апошніх зьвестак, пацярпеў 21 чалавек, у тым трое дзяцей.
Паводле апошніх зьвестак, па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся 7 мужчын, 11 жанчын і трое дзяцей, гаворыцца ў паведамленьні рэгіянальнай пракуратуры.
Сярод пацярпелых — 12-гадовы хлопчык, а таксама 8-гадовая і 12-гадовая дзяўчынкі. 28-гадовы мужчына знаходзіцца ў цяжкім стане. 11 чалавек атрымалі траўмы сярэдняй ступені, пяць чалавек зьвярнуліся да мэдыкаў з траўмамі лёгкай ступені цяжкасьці, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Паводле яго, расейскія войскі 14 траўня нанесьлі 7 авіяўдараў па жылым сэктары Харкава. Сярод іншага, былі авіяўдары па 12-павярховым жылым доме, а таксама па гаражах.
У выніку ўдараў па Харкаве пашкоджаныя гаражы, машыны, сама меней 20 жылых і нежылых будынкаў, сярод якіх гандлёвы цэнтар, адна навучальная ўстанова і крамы, паведамляе пракуратура Харкава.
Населеныя пункты Харкаўскай вобласьці ўвесь час абстрэльваюцца на фоне наступу расейскіх войскаў. Вайскоўцы РФ ушчыльную наблізіліся да Ваўчанску — горад, які ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі восеньню 2022 году, зноў можа апынуцца пад акупацыяй.
На пачатку красавіка Ігар Церахаў казаў, што ў Харкаве ў выніку расейскіх ракетных удараў разбураная практычна ўся дзяржаўная і прыватная энэргетычная інфраструктура. Паводле зьвестак украінскіх уладаў, расейскія вайскоўцы кожны дзень наносяць удары па горадзе ракетамі С-300, баявымі дронамі, а таксама кіраванымі боепрыпасамі.
Форум