Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць беларусаў, якія працуюць за мяжой, павялічылася амаль на 15%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Большасьць апытаных беларускіх гастарбайтэраў знайшлі сабе працу ў Расеі.

У 2023 годзе колькасьць грамадзян Беларусі, якія часова працавалі за межамі краіны, павялічылася на 14,9%. Такія зьвесткі прынесла выбарачнае абсьледаваньне хатніх гаспадарак, якое праводзіцца Белстатам у мэтах вывучэньня праблем занятасьці насельніцтва.

Лічбы прыводзіць выданьне «Экономическая газета» са спасылкай на часопіс «Фінансы, Улік, Аўдыт», які выдаецца Міністэрствам фінансаў.

У 2023 годзе, паводле інфармацыі Белстату, за межамі краіны працавалі (тэрмін да 1 году) 110,3 тысячы грамадзян Беларусі, што на 14,9% больш у параўнаньні з 2022 годам.

Большасьць зь іх (63%) знайшлі сабе працу ў Расеі.

Нацбанк Беларусі ў інфармацыйна-аналітычным зборніку да плацежнага балянсу за 2023 год паведамляе, што сальда даходаў ад зьнешняй працоўнай дзейнасьці часовых работнікаў склалася станоўчым у памеры 0,8 млрд USD (1,1% ВУП).

Згодна з ацэнкай Нацбанку, рэзыдэнты Беларусі, якія часова працуюць за мяжой, зарабілі ў 2023 г. 0,9 млрд USD, што на 13,7% больш у параўнаньні з узроўнем за 2022 год.

У той жа час працоўныя даходы мігрантаў-нерэзыдэнтаў, часова занятых у эканоміцы Беларусі, Нацбанк ацаніў у 0,1 млрд. USD, што на 7,2% больш у параўнаньні з 2022 годам.

Днямі Эўразійскі банк разьвіцьця паведаміў, што ў мабільным дадатку «Праца ў ЭАЭС», распрацаваным Фондам лічбавых ініцыятыў банку, запусьцілі нацыянальны сэгмэнт дзяржаўных і камэрцыйных паслуг для працоўных мігрантаў у Беларусі. Гэта азначае, што цяпер карыстальнікі мабільнага дадатку, якія пераяжджаюць для працы ў Беларусь, могуць атрымаць неабходныя для працаўладкаваньня паслугі непасрэдна ў сваім смартфоне і даведацца пра даступныя вакансіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG