Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 траўня: У Менску затрымалі праграміста і дырэктара фірмы, у Гомлі — кіроўцу, сьвятароў у Віцебску засудзілі на суткі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раней некалькі аналітыкаў адзначалі, што словы пра «выхад рэпрэсій на плято» не апраўдаліся.

Сілавікі затрымалі інжынэра-праграміста Банкаўскага працэсінгавага цэнтру, відэа зь ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал «Кніга ДУ „База“».

«Медиазона» знайшла старонкі затрыманага ў сацыяльных сетках, там ён падпісаны як Аляксей Ваўненка.

На відэа Аляксей кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у некалькіх пратэставых маршах.

Варта адзначыць, што падобныя відэа здымаюцца пад моцным псыхалягічным і фізычным ціскам, таму людзі на іх могуць агаварыць сябе, запісаўшы на камэру словы, дадзеныя ім сілавікамі. Ва ўмовах прававой дзяржавы якія заўгодна сьведчаньні, запісаныя падобным чынам, ня лічацца доказам у судзе.

Сілавікі затрымалі кіраўніка менскай мэблевай фірмы

@mediazona_by кажа, што ў сацыяльных сетках ён падпісаны як Павел Красуцкі.

У прымусовым відэа сілавікоў затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у мітынгах, «хадзіў з пратэставай сымболікай, выходзіў на праезную частку, рабіў фота, сэлфі, з павіннай у міліцыю сам не зьявіўся».

«Маё пакараньне, магчыма, будзе зьвязана з пазбаўленьнем волі», — кажа ён. Па якім менавіта артыкуле яго затрымалі і што зь ім цяпер — невядома.

Затрыманьне кіроўцы ў Гомлі

Гамяльчук Павал Савуцін тры гады таму выдаліў сваю старонку ў Telegram, але яго ўсё роўна будуць судзіць паводле артыкула аб распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК) за выказваньні ў камэнтарах, піша «Наша ніва». 21 траўня справу Паўла ў Гомельскім абласным судзе пачне разглядаць судзьдзя Аляксандар Піскуноў.

Паўла Савуціна ўдалося знайсьці таму, што яго імя ў Telegram супадала зь ягонымі ж у іншых сацсетках.

Гамельчука затрымалі 18 верасьня 2023 году. Сілавікі зьнялі зь ім відэа, у якім прымусілі стаць на нацыянальны сьцяг. Спачатку яго асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула на 15 дзён арышту, затым завялі на мужчыну крымінальную справу.

Павал працаваў кіроўцам на адным з гомельскіх прадпрыемстваў.

Стала вядома, на які тэрмін засудзілі сьвятароў у Віцебску

Інфармацыі пра прычыну і тэрміны арышту двух каталіцкіх сьвятароў, якія служаць у санктуарыі ў Шуміліне ў Віцебскай вобласьці, дагэтуль няма. Па зьвестках вернікаў, у ізалятар і ў міліцыю зьвяртаўся асабіста біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, але нават яму адмовіліся даць інфармацыю.

Суд над айцамі Анджэем Юхневічам і Паўлам Лемехам з ордэна Місіянэраў Аблятаў Беззаганнай Марыі праходзіў дыстанцыйна, іх не дастаўлялі на пасяджэньне. Аднак Katolik.life удалося даведацца, што тэрмін адміністрацыйнага арышту айца Паўла заканчваецца 18 траўня, а айца Анджэя — 23 траўня. Гэта значыць, што іх засудзілі, адпаведна, на 10 і 15 сутак.

А затрыманую адначасова са сьвятарамі маладую парафіянку яшчэ не судзілі. Яе адпусьцілі да суду, які прызначаны на канец тыдня. Дзяўчыне ставяць у віну захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — падпіску на інфармацыйную старонку, абвешчаную «экстрэмісцкай».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG