Клірыкаў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха затрымалі 8 траўня пасьля сустрэчы сьвятароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліне, піша «Хрысьціянская візія».
Затрыманьні адбыліся напярэдадні хрысьціянскага сьвята — Узьнясеньня Хрыста. Падставы для затрыманьня невядомыя.
Анджэй Юхневіч — старшыня каардынацыйнай групы абатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасьцяў Беларусі. Гэта касьцельны орган, які займаецца супрацаю паміж манаскімі ордэнамі.
Нэўроляга Руслана Бадамшына асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі»
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 7 траўня адбыўся разгляд справы лекара-нэўроляга Руслана Бадамшына, паведамляюць праваабаронцы. Судзьдзя Юлія Крэпская прызнала яго вінаватым паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і прысудзіла 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ.
Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў пасьля выбараў — супраць яго складалі пратаколы і арыштоўвалі. Тады ён агулам адбыў больш за 60 дзён адміністрацыйнага арышту.
Адміністрацыйныя справы на Гомельшчыне
Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», 8 траўня ў Гомлі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» асудзілі 29-гадовую Зінаіду Сыч. Яна працуе асыстэнткай катэдры «Будаўнічыя тэхналёгіі» Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту, мае званьне магістра тэхнічных навук і гадуе двух непаўналетніх дзяцей.
8 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля на Зінаіду Сыч наклалі адміністрацыйнае спагнаньне па частцы 2 артыкула 19.11 (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць) КаАП РБ. Пастанову суду выносіў судзьдзя Мікалай Крупадзёраў. Вынік адміністрацыйнага спагнаньня пакуль невядомы.
Толькі за 8 траўня ў Гомлі і вобласьці адбылося 7 палітычна матываваных адміністрацыйных працэсаў, пра якія стала вядома праваабаронцам. Працэсы адбыліся ў Ельску, Жлобіне, Рагачове, Рэчыцы, Сьветлагорску.
Адна з прычын затрыманьняў людзей, якіх пасьля прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці па палітычна матываваных справах, — маніторынг сацыяльных сетак спэцыяльнымі аддзеламі МУС.
Форум