Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку ад абстрэлу загінулі 3 чалавекі, у пажары на нафтабазе ў «ЛНР» — 4 чалавекі. Ёсьць параненыя


Наступствы абстрэлу Данецка, 11 траўня 2024 году
Наступствы абстрэлу Данецка, 11 траўня 2024 году

У Данецку ў выніку ўдару па рэстаране Paradise 11 траўня загінулі тры чалавекі: супрацоўніца ўстановы і двое наведвальнікаў, паведаміў прызначаны Расеяй кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін.

Яшчэ сама меней восем чалавек пацярпелі.

Рэстаран знаходзіцца праз дарогу ад месца, дзе павінен быў пачацца аўтапрабег у гонар «10-годзьдзя ДНР». Паводле асноўнай вэрсіі, удар быў нанесены ракетамі, выпушчанымі з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню HIMARS.

Расейскія тэлеграм-каналы пішуць пра 5 загінулых і 6 пацярпелых і публікуюць кадры першых хвілін пасьля выбухаў.

У выніку пажару на нафтабазе пасьля ўдару па горадзе Ровенькі ў так званай «ЛНР» увечары 10 траўня загінулі чатыры чалавекі, 11 чалавек пацярпелі, паведамляюць прызначаныя Расеяй улады самаабвешчанай «ЛНР». У 6 пацярпелых зафіксавалі мінна-выбухныя траўмы, у дваіх — атручэньне прадуктамі гарэньня. Вядома, што два чалавекі знаходзяцца ў «вельмі цяжкім стане». Таксама пашкоджаныя жылыя дамы, сельгастэхніка і машыны.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Арцём Лысагор сьцьвярджае, што на нафтабазе ў Ровеньках «разбурэньні значныя, запасаў паліва не засталося».

Прызначаны расейскімі ўладамі кіраўнік так званай «ЛНР» Леанід Пасечнік абвінаваціў у атацы Ўзброеныя сілы Ўкраіны і напісаў, што ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўвалі ракеты ATACMS з касэтнымі боепрыпасамі. Далёкасьць іх прымяненьня — да 300 км. Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Украінскі бок не камэнтаваў паведамленьні пра ўдары па Данецку і нафтабазе ў Ровеньках.

Улады Белгарадзкай і Курскай абласьцей Расеі сёньня таксама паведамілі пра пацярпелых і загінулых у выніку атакі дронаў. Так, у Белгарадзе і Белгарадзкім раёне з прычыны абстрэлаў 11 траўня загінуў адзін чалавек, пацярпелі яшчэ восем мірных жыхароў, паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойтаў паведамляе, што ў Суджы ў выніку атакі бесьпілётніка быў паранены адзін мясцовы жыхар, якога адвезьлі ў бальніцу, але не змаглі выратаваць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG