Стала вядома, што дома ў Вольгі Калацкай правялі ператрус. У жанчыны старая маці, якой больш за 90 гадоў і якую неабходна пастаянна даглядаць.
Пра затрыманьне Вольгі Калацкай у сацыяльных сетках паведаміў навуковец Сяргей Бесараб. Таксама пра затрыманьне перакладчыцы паведамляюць і іншыя крыніцы.
24 красавіка 2021 году ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла супрацоўніка тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка. Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэньні пабітаму аўтару СТВ і той ня меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзій, судзьдзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле матэрыялаў справы, 15 лістапада мінулага году Вольга Калацкая двойчы выцяла па твары прапагандыста дзяржаўнай тэлевізіі Рыгора Азаронка.
Перакладчыца патлумачыла свой учынак «эмацыйным станам» пасьля забойства актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі.
Пазьней супраць Вольгі Калацкай завялі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Затым справу спынілі, але яшчэ пазьней стала вядома, што Сьледчы камітэт скасаваў пастанову аб спыненьні справы. Дэталі той справы не былі вядомымі.
Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, сэрыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Глядыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.
Форум