У ноч на 13 лістапада Санджары апублікаваў пост у сацсетцы Х (былы Twitter). «Калі да 7 гадзін вечара сёньня аб іх вызваленьні ня будзе абвешчана на навінным сайце судовай сыстэмы, я пакончу з сабой на знак пратэсту супраць дыктатуры Хаменэі і яго саўдзельнікаў», — напісаў актывіст.
Па заканчэньні тэрміну ўльтыматуму Санджары апублікаваў фатаграфію з моста ў Тэгеране.
«Ніхто не павінен быць заключаны ў турму за выказваньне свайго меркаваньня. Пратэст — гэта права кожнага грамадзяніна Ірана. Маё жыцьцё скончыцца пасьля гэтага твіту, але давайце не будзем забываць, што мы паміраем з-за любові да жыцьця, а ня сьмерці. Я жадаю, каб аднойчы іранцы прачнуліся і пераадолелі рабства», — напісаў Кіянуш Санджары ў сваім апошнім паведамленьні.
Актывіст патрабаваў вызвалення чатырох палітвязьняў. Усе яны былі арыштаваныя за ўдзел у пратэстах, якія рушылі за сьмерцю 22-гадовай Махсы Аміні ў 2022 годзе.
«Гэтая зруйнавальная страта была надзвычай цяжкай і шакавальнай для ўсіх у VOA Persian, асабліва для тых з нас, хто шчыльна супрацоўнічаў з ім, — напісала дырэктарка пэрсідзкай службы VOA Лэйлі Салтані. — Кіянушу было ўсяго 17 гадоў, калі яго арыштавалі, катавалі і трымалі у адзіночнай камэры. Хоць яго больш няма, яго запал да свабоды і правоў чалавека будзе жыць».
Іранскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA са спасылкай на судзьдзю Махамада Шахрыары, кіраўніка Тэгеранскай пракуратуры па крымінальных справах, заявіла, што завяла справу аб «падазронай сьмерці» Санджары.
- Іранскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі і заключалі Кіануша Санджары ў турму ў пэрыяд з 1999 па 2007 год за ягоную праваабарончую дзейнасьць і крытыку рэжыму. У 2007 годзе ён уцёк з Ірана і атрымаў прытулак у Нарвэгіі.
- З 2009-й па 2013 год Санджары працаваў у бюро пэрсідзкай радыёстанцыі «Голас Амэрыкі». У 2016 годзе Кіануш вярнуўся ў Іран, каб быць побач з бацькамі. Яго арыштавалі і прыгаварылі да 11 гадоў зьняволеньня. Падчас знаходжаньня за кратамі Санджары неаднаразова падвяргаўся жорсткаму абыходжаньню, сураць яго ўжывалі прымусовую шпіталізацыю ў псыхіятрычныя ўстановы і электрашокавую тэрапію.
- У 2019 годзе праваабаронцу вызвалілі пад заклад па мэдыцынскіх паказаньнях.
Форум