Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусбанку» кампэнсуюць страты ад выдзяленьня БМЗ экспартнага крэдыту за кошт рэспубліканскага бюджэту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Беларусбанку» кампэнсуюць страты ад выдзяленьня экспартнага крэдыту Беларускаму мэталюргічнаму заводу ў Жлобіне (БМЗ), вынікае з пастановы Савету міністраў № 330. Дакумэнт апублікавалі 4 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна зь ім, экспартны крэдыт даецца БМЗ у 2024-2027 гадах у выглядзе аднаўляльнай крэдытнай лініі зь лімітавымі памерам запазычанасьці ў 1,8 млрд расейскіх рублёў (каля 558 млн даляраў) пад стаўку ў памеры 2/3 ключавой стаўкі Цэнтрабанку Расеі (цяпер 16%) з улікам яе зьмяненьня. Грошы прызначаныя для вытворчасьці тавараў і іх продажу арганізацыям — нерэзыдэнтам Беларусі.

У канцы сакавіка 2023 году ўрад Беларусі пастанавіў па такой жа схеме кампэнсаваць «Белаграпрамбанку» страты ад выдзяленьня крэдыту БМЗ (2,65 млрд расейскіх рублёў).

  • Доўгатэрміновыя даўгі Беларускага мэталюргічнага камбінату на 2021 год складалі 1,39 мільярда рублёў. На канец 2020 году БМЗ мусіў заплаціць па крэдытах больш за 3 мільярды рублёў. І гэта пры чыстым прыбытку за 2020 год у 37 тысяч. Тады дзяржава вырашыла зноў даць грошы стратнаму прадпрыемству і рэструктураваць ягоныя даўгі. На пачатку 2021 году Мінфін выпусьціў валютныя аблігацыі на 619 мільёнаў даляраў, якія былі скіраваныя на пагашэньне даўгоў для БМЗ, яны адразу вярнуліся банкам.
  • Яшчэ раней БМЗ праводзіў мадэрнізацыю. Агульную суму субсыдый і крэдытаў, якія атрымала прадпрыемства, спэцыялісты ацэньваюць у 1 мільярд даляраў.
  • У сакавіку 2022 году Эўразьвяз увёў абмежаваньні на ўвоз мэталу зь Беларусі. У траўні «Беларускі мэталюргічны завод» трапіў пад санкцыі Ўкраіны, у жніўні — ЭЗ і ЗША. Яны прадугледжваюць, што сродкі БМЗ у Эўропе мусяць быць замарожаныя, ніякія сродкі і эканамічныя рэсурсы ня могуць перадавацца заводу наўпрост ці ўскосна.
  • У ліпені 2023 году кіраўніцтва БМЗ заявіла, што прадпрыемства знайшло новыя рынкі, Усе ключавыя паказьнікі прадпрыемствы холдынгу выканалі, а за першае паўгодзьдзе 2023 году завод экспартаваў прадукцыі на $ 660,5 млн. Журналісты высьветлілі, што БМЗ працягвае гандляваць з Эўропай, абыходзячы санкцыі ЭЗ празь літоўскія кампаніі Milca Baltija і Eurologistikos bazė.
  • У першым квартале 2024 году выручка БМЗ павялічылася на 9,4%, заявіў намесьнік гендырэктара прадпрыемства па зьнешнеэканамічных сувязях, збыце і кіраваньні тавараправоднай сеткай Уладзімер Чавус. Паводле яго, завод выплавіў амаль 530 тысяч тон сталі, пры гэтым «уся вырабленая прадукцыя адгружаецца спажыўцам практычна адразу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG