Беларусь заняла 76-е месца са 190 у рэйтынгу краінаў сьвету па багацьці, складзеным парталам Global Finance на падставе зьвестак са справаздачы Міжнароднага валютнага фонду «Пэрспэктывы сусьветнай эканомікі. Красавік 2024».
Згодна з рэйтынгам, ВУП Беларусі паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці на душу насельніцтва складае 25 685 даляраў. Як адзначаецца ў рэйтынгу, паводле зьвестак Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), у 10 самых бедных краінах сьвету сярэдняя пакупніцкая здольнасьць на душу насельніцтва складае менш за 1500 даляраў, у той час як у 10 самых багатых яна перавышае 110 тысяч даляраў.
Сярод краінаў-суседзяў Беларусь саступае ўсім, акрамя Ўкраіны — яна займае 110-е месца (ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці на душу насельніцтва — 15 464 даляраў). На 60-й пазыцыі рэйтынгу — Расея ($38 292), Латвія — на 55-й ($41 730), Польшча — на 43-й ($49 060), Літва — на 41-й ($50 600).
Самай багатай краінай сьвету прызналі Люксэмбург з паказчыкам 143 173 даляры. У топ-10 самых багатых краінаў сьвету таксама трапілі рэгіён Кітаю Макао ($134 141), Ірляндыя ($133 895), Сынгапур ($133 737) і Катар ($112 283), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ($96 846), Нарвэгія ($96 846), Швайцарыя ($91 932), Сан Марына ($86 989), ЗША ($85 373) і Нарвэгія ($82 832).
У топ-5 самых бедных краінаў сьвету ў рэйтынгу — Мазамбік (ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці на душу насельніцтва — 1649), Конга ($1552), Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка ($1123), Бурундзі ($916) і Паўднёвы Судан ($455).
Форум