Выступаючы ў Кіеве на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай праблеме сэксуальнага гвалту на вайне, Зяленская назвала выплату кампэнсацый ахвярам ня толькі эканамічнай падтрымкай, але і крокам да аднаўленьня справядлівасьці. Яна падкрэсьліла, што ахвяры гвалту ня могуць чакаць, пакуль канфлікт вырашыцца ці калі Расея пачне плаціць рэпарацыі — дапамога ім неабходная ўжо цяпер. «Мы ня можам адмяніць той боль, што ўжо прычыніў агрэсар — але мы можам стаць болесуцішальным. Можам паказаць, што ня ўсе ў сьвеце — гвалтаўнікі і забойцы, што ёсьць дапамога, падтрымка і справядлівасьць», — сказала яна.
Намесьнік прэм'ер-міністра Ўкраіны Вольга Стэфанішына прадставіла праект кампэнсацый. Згодна зь ім, справа кожнай ахвяры будзе ацэньвацца індывідуальна. У межах пілётнага праекту каля 500 ахвяраў гвалту змогуць атрымаць аднаразовыя кампэнсацыі да канца кастрычніка 2024 году.
Раней пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Сяргей Кісьліца заяўляў, што расейскія войскі шырока і сыстэматычна выкарыстоўваюць сэксуальны гвалт як прыладу вайны і катаваньняў. Гвалт падчас вайны зазнаюць як жанчыны, так і мужчыны, а таксама старыя і дзеці абодвух полаў. Паводле Кісьліцы, сьледчымі органамі Ўкраіны зафіксавана як мінімум 290 выпадкаў сэксуальнага гвалту, ад якога пацярпелі 102 мужчыны і 188 жанчын. Рэальная колькасьць ахвяр можа быць нашмат большай, бо многія ня хочуць расказваць, што зь імі адбылося.
Форум