Пра гэта гаворым з папулярнай блогеркай, віцэ-сьпікеркай 2-га складу Каардынацыйнай рады Вольгай Павук.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Што запытала б Лукашэнку, калі б датэлефанавалася да яго
— Я б яго запытала, ці ён шчасьлівы. Мне падаецца, што калі чалавек быў бы задаволены тым, чым ён займаецца, то ён бы не стварыў столькі бяды іншым людзям. Ён быў бы заняты сваімі справамі і быў бы шчасьлівы. Мне здаецца, што гэта ўсё такое нездаровае. Я лічу, што беларускім мужчынам, мужчынам з тэрыторыі СНД вельмі патрэбная псыхатэрапія, знаёміцца з сабой як з асобай, каб зьмяншаць гэты ўзровень агрэсіі да сьвету. Вельмі хацелася б, каб яны заняліся сваім жыцьцём, а ня нашым.
Пра Каардынацыйную раду, якая «яшчэ можа нас усіх зьдзівіць»
— Упершыню Каардынацыйная рада выбіраецца. Другі склад прыйшоў па публічных, актывісцкіх шляхах. Сёньня мы робім адкрытыя выбары. Усю гісторыю, у якой я асабіста ўдзельнічала з 2015 году, беларуская апазыцыя славілася тым, што людзі сварыліся паміж сабой, не маглі аб’яднацца ў сталую структуру. Я лічу, што Каардынацыйная рада зарэкамэндавала сябе як сталася структура, мы прайшлі цыкль і арганізавалі выбарчы працэс. Я пабачыла, што людзі, якія б раней ня сталі працаваць разам, ня сталі б аб’ядноўвацца, у рамках КР могуць узаемадзейнічаць, яны сапраўды дамаўляюцца і робяць нейкія супольныя крокі. Я лічу, што Каардынацыйная рада нас усіх яшчэ можа зьдзівіць.
Пра 13 выбарчых сьпісаў і прадстаўніцтва жанчын
— Сярод кіраўнікоў 13 групаў, якія падалі сьпісы на выбары ў Каардынацыйную раду, толькі тры жанчыны. Гэта няшмат. Я лічу, што павінна быць болей. Мы ня ведаем усяго складу ўсіх сьпісаў. Былы склад Каардынацыйнай рады прыняў гендэрную квоту — у кожным сьпісе павінна быць ня менш за 40 адсоткаў прадстаўніц. Розная колькасьць кандыдатаў у кожным сьпісе, але ня менш за 40% павінна быць жанчын. Калі сьпіс выканае гэтае патрабаваньне, то ён будзе дапушчаны да галасаваньня. Я буду балятавацца ад сьпісу «Галасы дыяспар». Я сапраўды зараз прадстаўніца дыяспары і гатовая працаваць для беларусаў, якія зараз выехалі, узаемадзейнічаць зь мясцовымі дзяржаўнымі арганізацыямі, каб паляпшаць стаўленьне да беларусаў.
Пра тое, чаму Ціханоўскі навучыўся ў «Рудабельскай паказухі»
— Сяргей Ціханоўскі яшчэ да таго, як стаў вельмі вядомы ў Беларусі, зрабіў, як я лічу, слушны крок — паехаў па ўжо вядомых блогерах, зрабіў ролікі пра нас і таксама расказаў пра сябе. Ціханоўскі быў у захапленьні ад таго, што рабіў Андрэй Павук публічна. Ён узяў тую самую мадэль, што і мы — даваць людзям слова, мікрафон, месца, дзе яны могуць выказацца. Публічнасьць, адкрытасьць — вялікая справа супраць дыктатуры.
Як ролі з Андрэем Павуком у блогерстве разьмеркаваныя
— Не магу параўноўваць, бо мы вельмі розныя. Я жартую заўсёды, што мы як аўторак і апэльсін, як іх можна параўнаць. Андрэй — цалкам творчы цэнтар, прыдумляе песьні, аўтар многіх цікавых пытаньняў да чыноўнікаў. Мая роля заўсёды, як я жартую, — перакласьці з «павукоўскай» мовы на чалавечую. Я такі элемэнт, які зьвязвае Андрэя з вонкавым сьветам. Ён сам спраўляецца вельмі добра. Я была цэнзарам на нашым канале ад самага пачатку. Толькі пасьля маёй ухвалы ён мог выставіць відэа, бо тэмы былі няпростыя для Беларусі, і я глядзела, каб ён сам сабе не нашкодзіў, каб яго не пасадзілі раней, чым трэба. Што тычыцца нагрузкі, то Андрэй робіць сваю любімую справу, ён задаволены. Гэта справа яго жыцьця. Што тычыцца мяне, то я ня кінула «чыноўнікаў». Гэтая праграма была маёй ідэяй. Я яе прыдумала, і я яе раблю. Мне падабаецца гэтым займацца. Але ў мяне шмат іншай нагрузкі — я працую як выкладчыца ангельскай мовы онлайн. Займаюся дзецьмі і побытам, і вось яшчэ і палітычнай актыўнасьцю. Кожны з нас загружаны тым, што сапраўды любіць.
Пра ўдзельнікаў «Усебеларускага народнага сходу»
— Пасьля 2020 году і пасьля пачатку вайны сярод беларускіх чыноўнікаў засталіся толькі максымальна згодныя з уладай людзі, і я не чакаю, што «УНС» будзе на нешта сапраўды ўплываць, хоць паводле Канстытуцыі ён мае даволі шырокія магчымасьці. Яшчэ незразумела, як гэта ўсё спрацуе. Калі ўлічваць шырокія магчымасьці і ўладу «УНС», туды будуць дапушчаныя толькі вельмі вывераныя людзі, якія на 100% ляяльныя Лукашэнку. І гэта будзе такая «партыя згоды», якая будзе ўсё рабіць, што загадае Лукашэнка. Людзі, якія сядзяць у кабінэтах лукашэнкаўскай улады, вельмі некампэтэнтныя. Кампэтэнтныя змаглі сабе знайсьці неганебную справу і сышлі з гэтай сыстэмы. На сёньняшні дзень там засталіся людзі, якія не змаглі сабе знайсьці лепшага месца.
Чаго баяцца чыноўнікі
— Чырвонай рысай праходзіць іх страх публічнасьці. Ім вельмі не падабаецца, калі іх чуе шмат людзей, ім не падабаецца быць героямі нашых званкоў. Людзі прымаюць дзіўныя рашэньні, і многія зь іх адчуваюць, што гэта ня тое, што трэба зараз рабіць. Яны саромеюцца сваіх асабістых рашэньняў і ня могуць гаварыць пра іх услых.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.