Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятарку закону пра УНС прызначылі судзьдзёй Канстытуцыйнага суду Беларусі. Яна пад санкцыямі 35 краін


Сьвятлана Любецкая
Сьвятлана Любецкая

Сьвятлана Любецкая знаходзіцца пад санкцыямі 35 краін сьвету.

Дэпутатку мінулага, сёмага скліканьня Палаты прадстаўнікоў Сьвятлану Любецкую прызначылі судзьдзёй Канстытуцыйнага суду. Адпаведнае рашэньне прыняў Аляксандар Лукашэнка, паведамляе БелТА.

Любецкай прысвоілі вышэйшую кваліфікацыйную клясу 2-га рангу. Цяпер ад самага высокага судзейскага чыну (усяго іх сем) яе аддзяляе адзін крок, заўважыў «Позірк».

Сьвятлане Любецкай 53 гады, яна нарадзілася ва Ўкраіне, але вышэйшую адукацыю атрымала ў Беларусі.

У ніжняй палаце парлямэнту Любецкая была старшынёй пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Сярод іншага, была ініцыятаркай законапраекту аб Усебеларускім народным сходзе (УНС).

Судовая сыстэма для яе ня новая. Паводле зьвестак праекту «Грамадзянскі кантроль судовай сыстэмы», зь ліпеня 2002 да чэрвеня 2008 году Любецкая працавала ў судзе Фрунзенскага раёну Менску, потым да ліпеня 2010-га — у судзе Партызанскага раёну, да сьнежня 2013-га — у судзе Маскоўскага раёну, да сьнежня 2019-га — у Вярхоўным судзе.

За ёй лічацца два палітычна матываваныя рашэньні — 12 кастрычніка 2007 году яна арыштавала на 5 і 7 сутак за «дробнае хуліганства» дваіх мужчын, у якіх знайшлі «інфармацыйныя матэрыялы пра «Эўрапейскі марш».

У чэрвені 2021 году на Любецкую наклалі санкцыі Эўразьвязу за тое, што яна, працуючы старшынёй парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве, адказвала за прыняцьце новай рэдакцыі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які санкцыянаваў адвольныя арышты і накладаў падвышаную адказнасьць за ўдзел у масавых мерапрыемствах, у тым ліку за дэманстрацыю палітычнай сымболікі. Асабліва было адзначана, што Любецкая нясе адказнасьць за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі (у тым ліку права на мірныя сходы), а таксама за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі.

У тым жа годзе да санкцыяў Эўразьвязу далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Швайцарыя.

У траўні 2023 году Эўрапейскі суд у Люксэмбургу адхіліў пазоў Любецкай і яе намесьніка ў пастаяннай камісіі па заканадаўстве Аляксандра Амельянюка, якія патрабавалі зьняць зь іх санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG