Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую служба зьнешнепалітычнага ведамства.
Адзначаецца, што падчас сустрэчы бакі абмеркавалі «актуальнае становішча Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, стан двухбаковых адносінаў, пэрспэктывы актывізацыі дыялёгу з Ватыканам, у тым ліку з улікам адкрыцьця ў бягучым годзе амбасады Беларусі пры Апостальскай сталіцы».
Таксама Рыжанкоў і Чафалі «абмяняліся думкамі па актуальных тэмах міжнароднага парадку дня» і «пацьвердзілі падабенства падыходаў Беларусі і Ватыкана да дасягненьня міру ў Эўропе, захаваньня традыцыйных каштоўнасьцяў, умацаваньня міжканфэсійнага дыялёга».
Акрамя гэтага, як паведамляецца, на сустрэчы абмяркоўваліся «шляхі рэалізацыі ініцыятываў» Аляксандра Лукашэнкі «па ўмацаваньні ролі традыцыйных канфэсій у Беларусі, уключаючы Рымска-каталіцкую царкву».
Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяца Чафалі прайшла ў Менску 26 чэрвеня.
25 сакавіка нябожчык Папа Рымскі Францішак, прызначыў Чафалі апостальскім нунцыем у Беларусі, адначасова прысвоіўшы дыплямату сан арцыбіскупа.
Новы прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 году. Прэзьбітэрскае пасьвячэньне атрымаў 6 жніўня 2003 года. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэльі-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпляматычную службу пачаў у 2006 годзе.
Працаваў у апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайляндзе, сталай місіі пры Радзе Эўропы, сэкцыі ў адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкану і да апошняга часу — у Вэнэсуэле.
Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 года, калі яе пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпляматычным прадстаўніком Папы ў Грузіі і Армэніі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і Касьцёлу ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія адбыліся падчас масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.
Паводле дадзеных ініцыятывы «Хрысьціянская візія», на 25 чэрвеня з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася ня менш за 38 сьвятароў.
Форум