Прэсавы сакратар Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітро Плецянчук паведаміў аб пашкоджаньні 21 красавіка расейскага ўнікальнага ратавальнага карабля «Коммуна», які знаходзіўся ў Севастопалі.
«Унікальнасьць менавіта гэтага карабля заключалася ў тым, што ён мог праводзіць глыбакаводныя работы, падымаць сур’ёзныя цяжкія элемэнты, якія танулі. Акрамя таго, ён удзельнічаў у абслугоўваньні падводных лодак. Так, гэта была важная адзінка. Карабель трансфармаваўся цягам сваёй гісторыі. Гэта судна расейцы выкарыстоўвалі для падняцьця важных элемэнтаў на месцы гібелі крэйсэра „Масква“», — сказаў Дзьмітро Плецянчук у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Паводле яго, карабель меў стогадовую гісторыю, але яго ўвесь час мадыфікавалі. У момант пацэльваньня карабель знаходзіўся ў бухце ў Севастопалі — за ім расейцы хавалі іншыя караблі.
«Расейскія сілы да сваёй тактыкі дадалі яшчэ адзін элемэнт — яны цяпер хаваюць баявыя адзінкі за караблямі дапаможнага флёту, і менавіта гэта магло стаць прычынай пашкоджаньня гэтага карабля. Яны там знаходзяцца, таму што ня могуць выйсьці на вонкавы рэйд празь небясьпеку. Больш за тое, яны ўзмацняюць захады, каб закрыць бухты ад вонкавых атак. Гэтую бухту абараняе ў якасьці СПА агульнавядомы малы ракетны карабель „Циклон“, які зьяўляецца носьбітам крылатых ракет, але пакуль іх не выкарыстоўваў. Гэта „Панцыр-С“ стаіць у яго на борце», — патлумачыў сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны.
Украінскі бок не ўдакладніў, якім чынам удалося правесьці гэтую апэрацыю. У Расеі чарговых марскіх страт не камэнтуюць.
Страты Чарнаморскага флёту Расеі пасьля 22 лютага 2022 году
- 23 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў вялікія дэсантныя караблі (ВДК) «Ямал» і «Азов», а таксама ў сярэдні выведны расейскі карабель «Иван Хурс» Чарнаморскага флёту Расеі.
- У ноч на 5 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў расейскі патрульны карабель «Сергей Котов», які быў у порце Керчы.
- У ноч на 14 лютага ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Цезарь Куников».
- У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2024 году байцы спэцпадразьдзелу «Group 13» Галоўнага ўпраўленьня выведкі зьнішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флёту Расеі.
- 4 жніўня 2022 году ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.
- Летась 13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі бухты ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.
- 22 верасьня 2023 году стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб ракетным абстрэле штабу Чарнаморскага флёту РФ. Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопалю, каб абараніць іх ад украінскіх атак. Аднак гэта не ўратавала флёт ад наступных украінскіх атак.
- 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які быў недалёка ад Севастопалю, у пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.
- 10 лістапада 2023 году ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх былі браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.
- У сьнежні ўкраінцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Новочеркасск».
- 12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяіны расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».
- У пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Москва».