Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк у інтэрвію парталу «Люстэрка» патлумачыў пазыцыю Кіева адносна магчымасьці наносіць удары па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі.
— Расея нарошчвае імпарт бэнзіну зь Беларусі з-за атак на НПЗ. У лютым было 590 тон, а за першую палову сакавіка — ужо 3000. Вы ня раз казалі, што расейскія НПЗ — гэта легітымная мэта. А беларускія?
— У рамках абароннай вайны мэты ўнутры Расеі абсалютна легітымныя. Яшчэ раз падкрэсьліваю, міжнароднае права адназначна тлумачыць, што Ўкраіна можа зьнішчаць усю інфраструктуру забесьпячэньня вайны як такой. Прычым ня толькі на акупаваных тэрыторыях, але і ўнутры самой Расеі. Мы лічым, нафтаперапрацоўка Расейскай Фэдэрацыі наўпрост удзельнічае ў забесьпячэньні войска агрэсара. Пастаўляе дызэль, бэнзін і гэтак далей.
Што тычыцца краін, якія прадаюць і дазваляюць Расеі атрымліваць штосьці, яны ўсё ж такі наўпрост юрыдычна ня ўдзельнічаюць у вайне. Давайце будзем абʼектыўныя. Яны так ці інакш дазваляюць Расеі абыходзіць санкцыі. Некаторыя гандлююць непадсанкцыйнымі прадуктамі. У рамках міжнароднага права разглядаць гэта як забесьпячэньне вайны як такой немагчыма, таму давайце падзелім. У гэтым выпадку той жа Беларусі хутчэй можна даваць маральна-этычную адзнаку.
Безумоўна, пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў, асабліва, калі яны будуць справядліва фіналізаваныя (а я думаю, так і будзе), то краіны, якія так ці інакш, наўпрост, ускосна ці апасродкавана дазвалялі падтрымліваць ваенна-прамысловы комплекс Расеі ў дзеяздольным стане, а таксама працу войска агрэсара на тэрыторыі іншай сувэрэннай краіны, панясуць пэўную юрыдычную адказнасьць. Падкрэсьліваю, юрыдычную.
— Беларускія НПЗ на дадзены момант у небясьпецы?
— Безумоўна, не. Мы не наносім удараў па іншых краінах. Мы наносім удары толькі па расейскай акупацыйнай групоўцы на акупаваных тэрыторыях і па абʼектах забесьпячэньня, якія забясьпечваюць гэтую акупацыйную групоўку і забясьпечваюць яе магчымасьць праводзіць агрэсіўныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны. Усё гэта датычыцца Расеі.