Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнік Бабарыкі пра тое, у чым ён згодны з Пазьняком і ў чым разыходзіцца з офісам Ціханоўскай


Іван Краўцоў, сакратар Каардынацыйнай рады, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі
Іван Краўцоў, сакратар Каардынацыйнай рады, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі

Што цяпер робіць каманда Віктара Бабарыкі? Чым яе стратэгія адрозьніваецца ад стратэгіі іншых апазыцыйных сілаў? У чым сэнс дзейнасьці Каардынацыйнай рады?

Пра гэта ў праграме ПіК Свабоды расказаў Іван Краўцоў, сакратар Каардынацыйнай рады, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і арганізацыйнага камітэту партыі «Разам».

18 красавіка Менскі гарадзкі суд пачаў завочна разглядаць ягоную справу. Краўцова вінавацяць у распальваньні сацыяльнай варожасьці, махлярстве ў асабліва буйным памеры, змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня».

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Фрагмэнты гутаркі.

  • Калі лічыць Каардынацыйную раду і дэмакратычны рух экстрэмісцкімі, дык тады можна называць нейкія з гэтых абвінавачаньняў абгрунтаванымі. Але я дэмакратычны рух экстрэмісцкім не лічу. Патрабаваньні прытрымлівацца заканадаўства Беларусі не экстрэмісцкія.
  • Каардынацыйная рада цяпер — гэта пляцоўка, дзе розныя ініцыятывы і актывісты могуць каардынаваць сваю працу. Гэта зручная форма працы для экспэртаў.
  • Большая частка лідэраў дэмакратычнага руху цяпер у ізаляцыі. Ужо каля году няма ніякай перапіскі, наведваньня адвакатаў, тэлефанаваньняў. Віктар Бабарыка ў гэтым сэнсе не выключэньне.
  • Першы крок да нейкай нармалізацыі палітычнай сытуацыі ў краіне — гэта доступ да палітвязьняў. Нядаўна была навіна, што Анжаліка Борыс наведала Анджэя Пачобута ў папраўчай калёніі. Думаю, што гэта правільны крок. Калі б быў доступ да лідэраў дэмакратычнага руху, дык можна было б абмяркоўваць выйсьце зь цяперашняй сытуацыі.
  • Эканоміка Беларусі ня можа доўга існаваць эфэктыўна ў стане татальных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Так, яна можа існаваць неэфэктыўна — я ня бачу крытычных пагрозаў для эканомікі, санкцыі не мяняюць цалкам поле гульні. Але ў інтарэсах дзяржавы — неяк разьвязаць гэты палітычны крызіс. Гэты крызіс існуе, пакуль ёсьць палітвязьні.
  • Намаганьні каманды Віктара Бабарыкі, як і большасьці апазыцыйных структураў за мяжой, цяпер засяроджаныя на міжнароднай «адвакацыі» і на дыпляматычных кантактах. Тацяна Хоміч — самы вядомы чалавек з нашай каманды — займаецца парадкам дня палітвязьняў. Гэтае пытаньне падымаць вельмі важна, бо Беларусь цяпер не на першым месцы па міжнароднай увазе.
  • Мы можам апынуцца ў сытуацыі, калі будуць нейкія саступкі, зьняцьце санкцый без вызваленьня палітвязьняў. Гэта б значыла правал стратэгіі Захаду адносна Беларусі, і гэтага нельга дапусьціць. Калі будуць нейкія рухі насустрач уладам Беларусі, трэба, каб людзі пры гэтым выходзілі на свабоду.
  • Мы маем кантакты са сваімі прыхільнікамі ўнутры Беларусі. Але мы іх не палітызуем, бо любы палітычны праект у Беларусі цяпер стварае асабістую пагрозу для людзей. Мы ня бачым патрэбы ціснуць, каб быў нейкі палітычны актывізм унутры краіны з такімі высокімі рызыкамі і з малым вынікам.
  • Партыя «Разам» запускалася ў сакавіку 2021 году, калі яшчэ былі надзеі на палітычную дзейнасьць. Рэпрэсіі набралі абарот у канцы траўня 2021 году, на тры месяцы пазьней. Думаю, што да траўня беларускія ўлады яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня, што будуць рабіць поўную «зачыстку» грамадзянска-палітычнага сэктару.
  • Цяпер любы ўдзел у палітычнай дзейнасьці небясьпечны. Мы больш верым у нейкую дзейнасьць вакол побыту і гаспадараньня. Усё яшчэ працуюць абмеркаваньні зь мясцовымі ўладамі нейкіх пытаньняў, зьвязаных з добраўпарадкаваньнем тэрыторыі, рамонтам дарогаў, якасьцю паслугаў. Гэта таксама форма актывізму, якая скіраваная на паляпшэньне жыцьця.
  • Мы ня лічым, што санкцыі — гэта эфэктыўны інструмэнт разьвязваньня палітычнага крызісу. А па-другое, мы ня лічым, што стварэньне протадзяржаўных утварэньняў кшталту кабінэту ці прэзыдэнцкіх структураў — гэта эфэктыўны спосаб арганізацыі дэмакратычнага руху. Гэтыя структуры ня маюць шанцаў на міжнароднае прызнаньне.
  • Нам пашанцуе, калі аслабленьне рэпрэсій адбудзецца цягам найбліжэйшых 2–3 гадоў. А вельмі верагодна, што гэта зацягнецца на 10 гадоў. Каманда Ціханоўскай нашмат больш аптымістычная наконт рэсурсу, які маюць дэмакратычныя сілы, а мы спрабуем глядзець на сытуацыю, як мне здаецца, больш рэальна.
  • Я ня веру ў хуткую дэзынтэграцыю рэжыму ў Расеі і яе хуткае аслабленьне. Гэта будзе адбывацца даволі доўга. Мы бачым, што вайна ва Ўкраіне ня мае адназначнай аптымістычнай тэндэнцыі.
  • Я бачу небясьпеку паглынаньня Беларусі Расеяй, але, на жаль, я ня вельмі разумею, як дэмакратычныя сілы могуць на гэта паўплываць. Бо мы ня маем ніякага эфэктыўнага кантролю над тэрыторыяй Беларусі.
  • Калі мы робім нейкія палітычныя рухі ці заявы, мы павінны памятаць, што галоўнае — гэта ўзмацненьне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь у яе цяперашніх межах. У барацьбе з адным канкрэтным чалавекам трэба памятаць, што ёсьць рызыка цалкам страціць краіну. Тут, як ні сьмешна, я на 100% згодны зь Зянонам Станіслававічам Пазьняком, што ўзмацненьне незалежнасьці Беларусі — гэта агульная задача.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG