Сьцісла:
- Беларускім добраахвотнікам, якія вяртаюцца з баявых дзеяньняў у цывільнае жыцьцё, можа быць патрэбная псыхалягічная дапамога.
- Чалавеку важна вярнуцца з вайны «галавой» і адаптавацца ў новым жыцьці.
- Сыстэмы такой падтрымкі беларускіх ваяроў няма. Існуюць адзінкавыя спробы вырашыць праблему.
- Не хапае падтрымкі грамадзтва, якое б ацаніла ўнёсак добраахвотнікаў.
- «Добраахвотнікі — не мітычныя істоты».
«У Польшчы я не знаходзіў сабе месца»
Былы добраахвотнік Уладзімер Лаўранюк ваяваў з сакавіка да лета 2022 году на баку Ўкраіны. Зьехаў пасьля траўмы. Ён расказаў, што на пачатку поўнамаштабнай вайны псыхалягічнай дапамогі ў батальёне Каліноўскага не было. (Наколькі вядома Свабодзе, адпаведную службу там стварылі, аднак у ПКК не адказалі на просьбу расказаць пра яе падрабязьней.)
Уладзімер лічыць, што байцам патрэбная псыхалягічная дапамога, «бо людзі стамляюцца». Ён сам ужо ў мірным жыцьці зьвярнуўся да псыхоляга самастойна.
«Сябры сталі гаварыць, што я нейкі іншы стаў. Зьяўлялася дэпрэсія, „агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця“. Было ўвесь час сумна. Я разумеў, што ва Ўкраіне я рабіў добрую справу і знаходзіўся на сваім месцы. А ў Польшчы я не знаходзіў сабе месца, хаця ў мяне была праца, грошы, найманая „хата“. Але побытавыя рэчы адчуваліся бессэнсоўнымі», — апісвае свой стан суразмоўца.
Уладзімер цяжка перажываў сьмерць сябра на вайне. Кажа, што на тры дні нават запіў. Тады яму дапамог менавіта псыхоляг. Празь 2–3 сэсіі стала лягчэй.
«Вярнуўся смак да жыцьця», — успамінае былы ваяр.
Пасьля гэтага ён працягваў хадзіць да псыхоляга. Абмяркоўваў зь ёй ужо асабістыя пытаньні, не зьвязаныя з вайной, але на якія мог паўплываць ягоны баявы досьвед. Выйсьці зь цяжкага стану яму дапамагалі таксама сябры і праца. Уладзімер мяркуе, што посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР) ёсьць ва ўсіх, хто вяртаецца з вайны.
«Той, хто быў на вайне, там і застаецца», — сьцісла тлумачыць ён.
Урэшце мужчына намацаў, чым сэнсоўным можа займацца ў мірным жыцьці. Пачаў ладзіць спартова-вайсковыя трэнінгі для ахвочых. Таксама разам з камандай пэдагогаў і псыхолягаў яны ў Польшчы стварылі спартова-адукацыйны клюб «Крывічы» для падлеткаў.
«Зараз я адчуваю, што тут я раблю болей, чым рабіў бы ва Ўкраіне», — дзеліцца Лаўранюк.
На пытаньне, ці адчувае ён цяпер сябе ў парадку, былы баец адказвае, што ён сам зьмяніўся, але псыхоляг яму патлумачыла, што гэта нармальна, вайна ўсіх зьмяняе.
«І я прыняў сябе такім, які я ёсьць. Мне ўрэшце стала лепей жыць, я знайшоў сябе ў жыцьці», — адзначае ён.
Дзень добраахвотніка
Былы добраахвотнік Аляксандар Клачко мяркуе, што псыхалягічная дапамога — першае, што патрэбна былому байцу.
«Каб ён вярнуўся галавой з вайны, а ня толькі фізычна», — тлумачыць Аляксандар.
Суразмоўца зазначае, што ва ўсіх людзей, якія прайшлі праз баявыя дзеяньні, ёсьць ПТСР, у кагосьці ў большай ступені, у кагосьці ў меншай.
«Я ва Ўкраіне размаўляў з хлопцамі, якія прыехалі з „нуля“ (з фронту. — РС) на гарнізонную службу. Расказвалі, што ім сьніцца вайна, здараюцца панічныя атакі. Ведаю хлопца, якому стала цяжка кантраляваць сваю агрэсію і які зьвяртаўся з гэтым да псыхоляга», — расказвае Аляксандар аб праблемах, якія заўважаў у пабрацімаў.
Нароўні з дапамогай псыхоляга, перакананы ён, добраахвотнікі чакаюць падтрымкі грамадзтва. Клачко прыводзіць тэзу, якая існуе ва Ўкраіне: не жаўнеры, якія вяртаюцца з вайны, маюць прыстасоўвацца да грамадзтва, а грамадзтва да жаўнераў.
«Я заўважаю, што беларускае грамадзтва або пра вайну забыла, або лічыць гэтую вайну далёкай, чужой. Добраахвотнікі быццам далёка, падтрымка ім нібыта не патрэбная. Трэба, каб памяталі, што беларусы змагаюцца, ахвяруюць здароўем, жыцьцём. Так, гэта нашае рашэньне, але гэта заслугоўвае павагі», — эмацыйна кажа Аляксандар.
Ён хацеў бы, каб беларусы паказвалі, што памятаюць пра добраахвотнікаў, ладзілі імпрэзы на гэтую тэму, каб ушаноўвалі загінулых добраахвотнікаў і падтрымлівалі іхныя сем’і.
«Было б цудоўна, каб у беларусаў быў Дзень добраахвотніка, які адзначаўся б кожны год», — прапануе суразмоўца.
Аляксандар мяркуе, што рызыка скончыць жыцьцё самагубствам сярод былых добраахвотнікаў досыць вялікая. Сярод прычынаў суіцыду суразмоўца называе тое, што грамадзтва недастаткова цэніць іх унёсак у змаганьне за вольную Беларусь.
«Я думаю, што галоўная прычына — абыякавасьць беларусаў да тых падзей, якія адбываюцца. Адны аддаюць шмат ад сябе, а другія кажуць: я стаміўся, у мяне сям’я ў Беларусі, я не магу», — тлумачыць ён.
Калі вайсковец вяртаецца ў мірнае жыцьцё і бачыць, што людзі па-ранейшаму ходзяць па барах, хвалююцца за неістотныя, на ягоную думку, рэчы, то гэта яго дэмаралізуе, перакананы суразмоўца.
Аляксандар таксама зьвяртаўся да псыхоляга, каля вярнуўся з фронту. Спэцыяліста знайшоў самастойна разам з паплечнікамі з клюбу «Ліцьвіны». Гэта ўкраінка, якая працуе і з украінскімі байцамі, яна абазнаная ў тэме вайны і дапамагае бясплатна.
Аляксандар адзначыў, што пакуль не наладжаная і сыстэма мэдычнай дапамогі беларускім добраахвотнікам. Ён прыехаў з вайны з хворымі ныркамі. Жыве ў Літве. Патрабуе пастаяннага нагляду лекараў. Аднак нармальна трапіць на прыём да нэфроляга здолеў толькі адзін раз. Іншыя прыёмы адмянялі, пераносілі, мэдыкі спрачаліся, ці могуць лячыць яго бясплатна. Мужчына шмат хадзіў па розных установах і кабінэтах, каб дамагчыся лячэньня. Урэшце аналізы яму сказалі здаваць платна.
Суразмоўца ўдакладніў, што ва Ўкраіне беларускія добраахвотнікі, як і ўкраінскія жаўнеры, атрымліваюць мэдычную дапамогу, пакуль яны на кантракце ва Ўзброеных сілах Украіны. Без кантракту — ужо не.
«Калі толькі ўкраінскі дазвол на жыхарства ёсьць, тады без кантракту таксама нейкае лячэньне можна атрымліваць», — удакладняе Клачко.
Псыхоляг: «Людзі як хадзілі ў кавярні, так і працягваюць»
Псыхоляг Натальля Скібская на просьбу Свабоды пералічыла псыхалягічныя складанасьці людзей, якія вяртаюцца з баявых дзеяньняў.
1. Посттраўматычны стрэсавы разлад. Узьнікае як рэакцыя на падзею, зьвязаную з пачуцьцём бездапаможнасьці. На вайне поўна такіх падзей. У звычайным жыцьці ПТСР праяўляецца ў флэшбэках.
«Чалавек ідзе па вуліцы, у аўтобуса выбухнула кола, а ён быццам бы пераносіцца на поле бою. На сьвята фаервэркі ў горадзе, а чалавека трыгерыць, і ён нібыта зноў апынаецца на вайне», — прыводзіць прыклады псыхоляг.
Праз ПТСР чалавек можа пазьбягаць успамінаў пра траўматычныя падзеі. Таму можа не сустракацца зь сябрамі, пазьбягаць месцаў, падобных да таго, дзе адбылася траўма.
2. Начныя кашмары.
3. Высокі ўзровень трывожнасьці.
«Чалавек добра ведае, наколькі ён уразьлівы, наколькі небясьпечны сьвет. Ён чакае нечага страшнага, увесь час у напружаньні. Гэта вымотвае», — кажа Натальля Скібская.
4. Панічныя атакі.
5. Дэпрэсія.
6. Павышаны ўзровень агрэсіўнасьці.
7. Залежнасьці.
«Чалавек ня можа даць рады напружаньню і мусіць ужываць субстанцыі, каб стала лягчэй».
8. Суіцыдальныя паводзіны. Чалавек рызыкоўна паводзіць сябе за стырном, злоўжывае алькаголем, які зьнішчае цела, нарываецца на бойку. Гэта можа быць выклікана пачуцьцём віны за тое, што параніў або забіў чалавека.
9. Абясцэньваньне свайго ўнёску.
«Чалавек вяртаецца з баявых дзеяньняў і заўважае, што быццам тое, што ён рабіў, ніяк не ўплывае на мірнае жыцьцё. Людзі як хадзілі ў кавярні, так і працягваюць. Нараджаюць дзяцей. Быццам бы нічога не адбываецца. Мы з пабрацімамі рызыкавалі жыцьцём, а гэтага ня цэняць, не заўважаюць. Ахвяра, якую чалавек прынёс, быццам бы мізэр, бо вайна працягваецца», — тлумачыць псыхоляг.
Беларускім добраахвотнікам небясьпечна гаварыць пра свой занятак публічна. Гэта можа пагражаць іхным сваякам у Беларусі. Гэта выклікае пачуцьцё віны.
«Таму яны ня могуць атрымаць паўнавартасную дапамогу і прызнаньне: „Ты ваяваў — ты герой“, „Мы ведаем, мы ганарымся табой, мы табе ўдзячныя“», — раскрывае думку спэцыялістка.
10. Праблемы з адаптацыяй і рэсацыялізацыяй.
«Людзі, якія вяртаюцца з вайны, вельмі моцна зьмяняюцца, некаторыя страчваюць свае прафэсійныя навыкі. Ранейшая праца можа здавацца бессэнсоўнай», — кажа псыхоляг.
Як пабудаваная псыхалягічная дапамога для вайскоўцаў у Ізраілі
Этнічны беларус, грамадзянін Ізраілю Алесь (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у 2022–2024 гадах удзельнічаў у збройных канфліктах ва Ўкраіне і на тэрыторыі сэктару Газа. У ізраільскім войску ён быў камандзірам узводу.
Алесь лічыць, што з псыхалягічнай дапамогай вайскоўцам у Ізраілі «ўсё больш-менш добра». Перад тым як ён дэмабілізаваўся, зь ягонай групай праводзіў гутарку псыхоляг, які «замацаваны» за сацыяльнымі службамі. Мэтай гутаркі было выявіць людзей, якія маюць патрэбу ў псыхалягічнай дапамозе. Таксама спэцыяліст даваў практычныя парады, як даць рады магчымым псыхалягічным траўмам. Вайскоўцам пакінулі нумары тэлефонаў, па якіх яны могуць зьвярнуцца пры патрэбе. У тым ліку пры праблемах у асабістым жыцьці.
«Напрыклад, у чалавека сапсаваліся адносіны з жонкай. Ён можа зьвярнуцца да тэрапэўта сфэры адносін. І часткова такая дапамога будзе таксама аплачаная войскам. Калі ж псыхалягічныя праблемы зьвязаныя з вайной, то такая дапамога цалкам будзе аплачвацца арміяй», — тлумачыць суразмоўца.
Алесь дадае, што войска аплачвае таксама шпіталізацыю пры цяжкіх выпадках псыхічных траўмаў. Адмысловыя сацыяльныя службы, фонды і арганізацыі дапамагаюць былым ізраільскім вайскоўцам у працаўладкаваньні.
Па словах Алеся, вайскоўцы маюць асабістыя кабінэты на сайце арміі, там сабраныя ўсе дадзеныя і ёсьць інфармацыя, куды зьвяртацца пры патрэбе, у тым ліку па псыхалягічную дапамогу.
У час вайны ва Ўкраіне і пасьля Алесь туды па псыхалягічную дапамогу не зьвяртаўся. Ён кажа, што ў цяжкіх выпадках беларускіх добраахвотнікаў могуць накіраваць на шпіталізацыю. Але звычайна яны проста звальняюцца са службы.
«Зь беларусамі ўвогуле складная сытуацыя, бо ў Беларусь яны вярнуцца ня могуць, едуць у Польшчу ці Літву. Я лічу, гэта мая асабістая думка, што нашы альтэрнатыўныя ўлады, якія за мяжой, павінны аддаваць больш увагі дапамозе добраахвотнікам. Бо яны ваююць ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Пакуль гэта нашы адзіныя абаронцы, скажам так. Таму „ўлада ў выгнаньні“ павінна мець пэўную пазыцыю наконт добраахвотнікаў і дапамогі ім, мець больш супрацоўніцтва зь імі. Я ўпэўнены, што на патрэбы нашых добраахвотнікаў людзі ахвяравалі б грошы па ўсім сьвеце», — лічыць Алесь.
Што варта рабіць, паводле псыхалягіні Натальлі Скібскай:
- Грамадзтву варта гаварыць, што добраахвотнікі — героі. Не абясцэньваць іхнага ўнёску.
- Людзям, якія ведаюць чалавека, што вярнуўся з вайны, варта арганізаваць для яго дапамогу. Прапаноўваць сустракацца, але не навязвацца. Калі ў чалавека няма працы і грошай на жыцьцё, паклапаціцца пра ежу і асноўныя рэчы для яго. Магчыма, ён саромеецца пра гэта сказаць.
- Байцам варта зьвяртацца да сяброў, псыхоляга і псыхіятра, асабліва калі ёсьць думкі пра самагубства.
- Патрэбныя спэцыялісты, якія працуюць са складанымі траўмамі. Ня ўсе могуць з гэтым працаваць.
- Чалавек, які рызыкаваў сваім жыцьцём, мае права разьлічваць на бясплатную дапамогу і моцную сацыяльную падтрымку. Добраахвотнікі павінны адпачываць, аднавіць сваё псыхічнае і фізычнае здароўе.
«Да ваяроў ставяцца як да мітычнай часткі нашай супольнасьці»
Супрацоўніца кіеўскага рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка» Марына адзначае, што не хапае грамадзкай ініцыятывы, засяроджанай на добраахвотніках. Ім, паводле назіраньняў суразмоўцы, аддаюць менш увагі, чым палітвязьням. Донарскія арганізацыі звычайна ня хочуць фінансаваць ініцыятывы, зьвязаныя з камбатантамі.
«Кожны ведае, што варта падтрымліваць палітвязьняў. Але чамусьці да ваяроў ставяцца як да мітычнай часткі нашай супольнасьці. Усе кажуць, што яны героі, але ня ведаюць, што зь імі можна неяк узаемадзейнічаць. Тэма добраахвотнікаў гераізаваная, але яны быццам жывуць у казачным сьвеце», — разважае Марына.
Яна дадае, што ў саміх добраахвотнікаў часам не хапае досьведу, арганізатарскіх уменьняў, каб запусьціць сваю ініцыятыву, знайсьці фінансаваньне, да таго ж сілы ідуць на аднаўленьне і адаптацыю. На ейны погляд, добра было б, каб бізнэсоўцы працаўладкоўвалі добраахвотнікаў, ставілі іх у прыярытэт.
Марына тлумачыць, што патрэбна таксама асьвета грамадзтва, найперш сваякоў добраахвотнікаў, пра тое, што з чалавекам адбываецца на вайне. У тых ваяроў, у каго побач ёсьць нехта з родных (жонка, сястра, дзядзька), стан звычайна лепшы, адзначае супрацоўніца цэнтру.
«Пакуль гэта вырашаецца праз „сарафаннае радыё“»
Сыстэмы рэабілітацыі беларускіх добраахвотнікаў пакуль няма, сьцьвярджаюць суразмоўцы Свабоды. Сытуацыя ўскладняецца тым, што каліноўцам небясьпечна вяртацца ў Беларусь, каб атрымаць дапамогу там. Амаль усе суразмоўцы Свабоды сказалі, што яе варта арганізаваць за мяжой. Па іх словах, найперш неабходныя псыхалягічныя кансультацыі, доступ да мэдычных аглядаў і лячэньня, дапамога ў пошуку жытла і працы, рэсацыялізацыя ў мірным жыцьці, легалізацыя на новым месцы.
Добраахвотнікі таксама адзначаюць, што ім хацелася б, каб было дакладнае месца, арганізацыя, кантактны чалавек, да якога можна было б зьвярнуцца і вырашыць адразу шэраг пытаньняў.
«Каб людзі ня кідаліся зь месца ў месца», — кажа добраахвотнік Уладзімер Лаўранюк.
Аляксандар Клачко мяркуе, што нельга аказваць такую дапамогу на валянтэрскіх асновах. Але для байцоў, прынамсі на першым часе, яна павінная быць бясплатнай, думаюць былыя каліноўцы.
«Павінен быць чалавек, які атрымлівае заробак і стала гэтым займаецца. Каб ён разумеў праблемы добраахвотнікаў, арыентаваўся. Хацелася б, каб гэта на афіцыйным узроўні адбывалася. Пакуль гэта вырашаецца праз „сарафаннае радыё“», — кажа ён.
Былыя добраахвотнікі сыходзяцца на думцы, што арганізаваць такую сыстэму варта было б Аб’яднанаму пераходнаму кабінэту або Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
«Навошта нам урад, які нам не дапамагае?» — разважае Ўладзімер.
Сахашчык: «Зрабіць гэта сыстэмна я ня ў стане»
Кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько расказаў Свабодзе, што ён сам вэтэран баявых дзеяньняў, мае раненьні і лічыць кірунак рэабілітацыі добраахвотнікаў важным. Аднак ня можа кампэтэнтна пракамэнтаваць гэтае пытаньне.
Як расказаў Свабодзе прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык, ён дапамагаў з апэрацыямі для двух беларускіх байцоў, параненых ва Ўкраіне. Гэта адбывалася ў індывідуальным парадку ў Варшаве. На сыстэмную рэабілітацыю беларускіх добраахвотнікаў цяпер у яго няма рэсурсаў.
«Я працую як валянтэр. Я ня маю ніякага фінансаваньня ні ад кога. Што магу, тое раблю. Арганізаваць можна ўсё, калі маеш рэсурсы. Я вырашаю пытаньні ў індывідуальным парадку. Стараюся дапамагаць тым, хто да мяне зьвяртаецца. Але зрабіць гэта сыстэмна на сёньняшні дзень я ня ў стане. Ня ведаю, ці ёсьць рэсурсы ў Кабінэта. Напэўна, Кабінэт не знайшоў бы сродкаў, бо няма сродкаў і на больш пільныя справы», — кажа Сахашчык.
Якая ёсьць дапамога
Асацыяцыя беларускіх вэтэранаў. Яна аб’ядноўвае былых удзельнікаў баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Філіялы стваралі ва Ўкраіне, Польшчы і Літве. У межах яе байцы самі шукаюць сабе псыхолягаў. Існуюць чаты, празь якія ўдзельнікі адзін аднаму дапамагаюць, напрыклад з жытлом. Асацыяцыя ня мае фінансаваньня.
Рэабілітацыйны цэнтар «Ланка». Працуе пад Кіевам. Там баец можа жыць да двух месяцаў. Яму аказваюць псыхалягічную, псыхіятрычную, сацыяльную, мэдычную, юрыдычную дапамогу. Адначасна цэнтар зьмяшчае 10 былых удзельнікаў баявых дзеяньняў. Існуе на ахвяраваньні і спонсарскую дапамогу.
Цэнтар псыхалягічнай дапамогі «Фэнікс». Працуе ў Кіеве. Ёсьць псыхолягі, якія спэцыялізуюцца на дапамозе вайскоўцам.
Фонд BySol. Дапамагае дзясяткам беларускіх добраахвотнікаў. Арганізоўвае зборы грошай на лячэньне, кансультуе, дзеліцца кантактамі.
Грамадзкае аб’яднаньне «Пагоня». Кансультуе байцоў.
Украіна: ня ўсе ампутацыі вызваляюць ад службы
Старшы аналітык праваабарончага цэнтру для вайскоўцаў ва Ўкраіне «Прынцып» Яўген Лысенка падзяліўся са Свабодай, як адбываецца рэабілітацыя ўкраінскіх вайскоўцаў.
Па яго словах, ёсьць значнае адрозьненьне паміж беларусамі і ўкраінцамі. Беларускія добраахвотнікі могуць вярнуцца да мірнага жыцьця ў любы момант. Украінскія жаўнеры, мабілізаваныя на вайну, могуць зрабіць перапынак у баявых дзеяньнях, толькі калі атрымалі раненьне або кантузію. У многіх выпадках пасьля лячэньня яны мусяць вярнуцца ў войска. Нават некаторыя ампутацыі канцавінаў не вызваляюць іх ад службы.
Таму, калі гаварыць пра рэабілітацыю ўкраінскіх жаўнераў, ідзецца найперш пра фізычнае аднаўленьне байца. Параненыя праходзяць па мэдычных установах свой маршрут лячэньня.
Яўген Лысенка адзначае, што сыстэма маршрутызацыі недасканалая. Баец можа трапіць у лякарню, дзе няма магчымасьці рэабілітацыі, дзе не спэцыялізуюцца на ягоных траўмах, няма патрэбных спэцыялістаў. Часта доглядам параненага вайскоўца ў шпіталі займаюцца родныя, бо бракуе пэрсаналу. Вайскоўцы ня могуць выбіраць лякарню, куды трапяць, у адрозьненьне ад цывільных. Некаторыя байцы мусяць вярнуцца на службу, хоць яшчэ не далячыліся.
У выніку вайсковец часта пачынае працэс аднаўленьня са спазьненьнем, толькі калі яго выпішуць зь першага шпіталя і накіруюць у іншы цэнтар рэабілітацыі. Гэта часта перашкаджае эфэктыўна аднавіцца, бо чым раней пачнецца рэабілітацыя, тым лепш. Адпаведна, гэта падаўжае тэрмін аднаўленьня, бо на раньніх этапах чалавек аднавіўся б хутчэй, тлумачыць Яўген Лысенка.
Сыстэма псыхалягічнай дапамогі ва Ўкраіне не разбудаваная. Мала ўстановаў, дзе праводзяць псыхалягічную рэабілітацыю. Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня такая сыстэма ў краіне наладжаная не была. Магчыма, яна менш запатрабаваная, чым сыстэма фізычнай рэабілітацыі. Нават пасьля кантузій ці баратраўмаў баец не заўсёды атрымлівае псыхалягічную дапамогу, зазначае экспэрт.
Суразмоўца дадае, што статыстыкі пра колькасьць суіцыдаў сярод вэтэранаў вайны няма. Ёсьць некалькі ініцыятываў, якія займаюцца сацыяльнай рэабілітацыяй і адаптацыяй, але ў іх няма вялікай патрэбы, бо большасьць вайскоўцаў яшчэ ваююць, няма дэмабілізацыі.
Са словаў Лысенкі, большасьць байцоў праходзяць рэабілітацыю за дзяржаўныя ўкраінскія грошы. Таксама разьвітая сетка грамадзкіх ініцыятываў падтрымкі вайскоўцаў.
«Ёсьць чэк-ін. Не хапае чэк-аўту»
Прадстаўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак разважае, як можа выглядаць рэабілітацыя беларускіх добраахвотнікаў.
Ён мяркуе, што ваярам варта найперш скарыстацца магчымасьцямі рэабілітацыі, якія дае Ўкраіна, пакуль беларусы яшчэ маюць статус вайскоўцаў і дазвол заставацца ў краіне.
«Там няма моўнага бар’еру, ёсьць напрацаваная практыка. Праблема ў тым, што чалавек далёка не заўсёды ведае, куды і як зьвяртацца. Бюракратыя ёсьць бюракратыя. Чалавек, які толькі ўчора вылез з акопу, ня надта гатовы поркацца з паперкамі», — кажа Стрыжак.
У Літве і Польшчы, паводле ягонай ацэнкі, існуе сыстэма дапамогі былым добраахвотнікам, напрацаваная практыка пасьля войнаў у Афганістане, Іраку. Аднак ёсьць праблема з моваю — польскі ці літоўскі псыхоляг часта ня мае агульнай мовы зь беларусамі, каб паразумецца. Да расейскамоўных псыхолягаў у Эўропе — вялікія чэргі з украінскіх ваяроў і мірных уцекачоў.
Самая вялікая праблема, на думку Стрыжака, гэта нястача арганізацый, якія займаюцца рэсацыялізацыяй добраахвотнікаў на сыстэмным узроўні.
«Маштабы праблемы і магчымасьці НДА не супастаўныя», — перакананы ён.
Андрэй Стрыжак думае, што на палітычным узроўні АПК або Офіс Ціханоўскай павінны дамаўляцца, каб беларускіх добраахвотнікаў уключалі ў дзяржаўныя сыстэмы дапамогі Польшчы, Літвы, іншых краінаў.
Паводле суразмоўцы, цяпер бракуе працэдуры, якая дапаможа добраахвотніку вярнуцца з вайны ў мірнае жыцьцё.
«Чэк-ін — гэта рэкрутацыя, праходжаньне курсу маладога байца і заход на фронт. Гэтым займаецца полк Каліноўскага. Тут не хапае сыстэмы чэк-аўту. Чалавек проста выходзіць з шэрагаў праз траўму або фармаваньне залежнасьцяў, і ён становіцца больш нікому не патрэбны сыстэмна», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Андрэй Стрыжак перакананы, што вырашыць праблему можна, калі аб’яднаць высілкі дзяржавы, недзяржаўных арганізацый і вайсковых частак, дзе служыў баец.
«Гэта адна з тых праблем, якімі ў першую чаргу павінныя займацца нашы палітыкі. Бо пытаньне палітзьняволеных і пытаньне добраахвотнікаў — адны з ключавых на сёньня. Гэта асабліва ўразьлівыя групы», — перакананы Стрыжак.