Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
На канец лютага 2024 году было ліквідавана 1563 НКА, студзеня — 1533 НКА, сьнежня 2023-га −1509. На канец сьнежня 2022 году налічваліся 1173 закрытыя некамэрцыйныя арганізацыі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец сакавіка гэтага году ня менш за 997 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі з улікам пададзеных у суд пазоўных заяваў аб прымусовай ліквідацыі, прымусовага выключэньня з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Колькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец сакавіка такіх было 604, лютага — 582, сьнежня 2023-га — 564, сьнежня 2022-га — 416.
Адзначаецца, што рашэньне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным з прычыны ціску на чальцоў арганізацыі, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.
Паводле дадзеных Lawtrend, па стане на 1 студзеня 2024 году ў Беларусі зарэгістраваныя каля 2330 НКА трох арганізацыйна-прававых формаў: грамадзкія абʼяднаньні (1761), фонды (118) і недзяржаўныя ўстановы (451). Усяго за 2023 год зарэгістравана каля 13 недзяржаўных установаў, 3 фонды і 17 грамадзкіх абʼяднаньняў.
Lawtrend таксама зазначае, што, паводле зьвестак Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці, агульны абʼём замежнай дапамогі Беларусі значна зьнізіўся. У 2023 годзе ён склаў 75 млн даляраў, у 2022-м — 87 млн, у 2021-м −102 млн, у 2020 годзе — звыш 91 млн даляраў.