Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея запатрабавала ва Ўкраіны выдаць кіраўніка СБУ, абвінаваціўшы таго ў тэрарызьме


Кіраўнік СБУ Васіль Малюк
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк

Расейскае Міністэрства замежных спраў увечары 31 сакавіка выпусьціла заяву, у якой сьцьвярджае, што перадало ўладам Украіны патрабаваньні пра арышт і выдачу Расеі асобаў, якіх Масква лічыць датычнымі да тэрарыстычных актаў. Расейскае МЗС спасылаецца на міжнародныя канвэнцыі аб барацьбе з тэрарызмам і пагражае Украіне «міжнародна-прававой адказнасьцю».

Сярод іншага, Масква запатрабавала арышту кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Васіля Малюка. У заяве гаворыцца, што той прызнаў «арганізацыю Ўкраінай падрыву Крымскага моста ў кастрычніку 2022 году і раскрыў дэталі арганізацыі іншых тэрактаў у Расейскай Фэдэрацыі».

Заява пачынаецца са згадкі пра напад на падмаскоўны «Крокус Сіці Хол» 22 сакавіка, ахвярамі якога сталі 144 чалавек і адказнасьць за які ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава». Прадстаўнікі расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што да тэракту датычная Ўкраіна. Раней прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў катэгарычна адмаўлялі любое дачыненьне да тэракту ў «Крокусе», а краіны Захаду перасьцерагалі Расею ад таго, каб спрабаваць ускласьці на Кіеў адказнасьць за яго.

Расея трэці год вядзе супраць Украіны неабвешчаную вайну, падчас якой загінулі, паводле мінімальных ацэнак, дзясяткі тысяч вайскоўцаў з абодвух бакоў, а таксама тысячы мірных жыхароў Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG