Брытанская выведка лічыць, што пра гэта гавораць удары Вайскова-паветраных сіл Украіны па Крыме 24 сакавіка 2024 году.
Адной з цэляў быў Цэнтар сувязі Чарнаморскага флёту, разьмешчаны ў Севастопалі. Аналіз здымкаў паказаў, што адзін будынак атрымаў істотныя пашкоджаньні, — гаворыцца ў паведамленьні. У выніку ўдараў таксама пашкоджаныя два дэсантныя караблі клясы «Ropucha», танкі і выведны карабель «Юрый Іваноў».
Абароннае ведамства Брытаніі адзначае, што з прычыны такіх удараў расейскія караблі, якія звычайна выкарыстоўваюць партовую інфраструктуру ў Севастопалі, былі вымушаныя перадысьлякавацца ў альтэрнатыўныя партовыя збудаваньні на ўсход.
Раней праект Радыё Свабода «Схемы» абнародаваў спадарожнікавыя здымкі наступстваў ракетнага ўдару па вузьле сувязі Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопалі. Спадарожнік Planet Labs зафіксаваў, што ў выніку ракетных удараў Узброеных сіл Украіны быў разбураны адзін з будынкаў па вуліцы Руднева ў горадзе Севастопаль.
Раней ва Ўзброеных сілах Украіны паведамілі, што сілы абароны паразілі буйныя дэсантныя караблі «Ямал» і «Азоў», цэнтар сувязі і некалькі аб'ектаў інфраструктуры Чарнаморскага флёту Расеі.
У акупаваным Расеяй Севастопалі позна ўвечары 23 сакавіка абвясьцілі паветраную трывогу, пасьля чаго, паводле дадзеных карэспандэнта праекту Радыё Свабода «Крым.Рэаліі», у горадзе прагучала сама меней шэсьць магутных выбухаў.
Расейскі бок пра гэта не паведамляў. Але падкантрольны Расеі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што вячэрняя атака на Севастопаль была «самая масавая за апошні час». Паводле ягоных слоў, у цэнтры гораду выбіта шкло, а ад аскепка ракеты, які трапіў у дом на Ялцінскай, загінуў 65-гадовы севастопалец. Акрамя таго, як сьцьвярджае Разважаеў, усяго ад абломкаў атрымалі раненьні чатыры чалавекі.
Пачынаючы са жніўня 2022 года ў Крыме амаль кожны дзень чуваць гукі выбухаў. Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Кірыл Буданаў заявіў, што ўкраінскія сілы могуць дасягнуць любога пункту акупаванага Крыму для ўдару па праціўніку. Паводле ягоных слоў, для дэакупацыі Крыму ёсьць шмат розных варыянтаў, але «без ваенных, баявых дзеяньняў гэта немагчыма».