Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі суд арыштаваў чатырох падазраваных у тэракце ў «Крокус Сіці Холе»


Абвінавачаныя ў тэракце 22 сакавіка ў Маскве
Абвінавачаныя ў тэракце 22 сакавіка ў Маскве

У выніку стральбы і пажару ў Маскве загінулі 137 чалавек, трое зь якіх — дзеці. Апазнана 62 целы. Яшчэ 182 чалавекі пацярпелі.

Басманны раённы суд Масквы арыштаваў на два месяцы чатырох абвінавачаных у зьдзяйсьненьні тэракту ў «Крокус Сіці холе» — Далерджона Мірзоева, Саідакрамі Рачабалізаду, Шамсідзіна Фарыдуні і Мухамадсабіра Файзава. Пра гэта паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў агульнай юрысдыкцыі.

Абвінавачаньне ім выставілі паводле артыкулу аб учыненьні тэракту ў складзе групы асоб. Пакараньне ў гэтай частцы артыкулу прадугледжвае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Журналістаў папрасілі не задаваць пытаньняў абвінавачаным, усе пасяджэньні праходзілі ў закрытым рэжыме. Сьледчы заявіў, што адкрытае слуханьне «можа прывесьці да выдаваньня сьледчай таямніцы» і «пагражаць бясьпецы ўдзельнікаў працэсу і іх сваякоў».

Частка арыштаваных не размаўляе па-расейску, толькі па-таджыцку, ім далі перакладчыка. На тварах усіх сьляды жорсткага затрыманьня і катаваньняў.

Увечары ў пятніцу, 22 сакавіка, некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі ў канцэртнай зале на ўскраіне Масквы страляніну з аўтаматаў. Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Колькасьць загінулых у выніку тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», паводле апошніх зьвестак, узрасла да 137. Лічба забітых можа павялічыцца. Больш за 180 чалавек пацярпелі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG