«Атака, якую расейцы нанесьлі ўчора і сёньня ўначы (22 і 23 сакавіка — РС), мы бачым, што іх галоўны аб’ект — энэргетычная сыстэма. І іх учорашняя атака была адной з найбуйнейшых з пачатку вайны, таму што значныя пашкоджаньні былі нанесены адначасова многім аб’ектам па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны... у выніку чаго больш за мільён спажыўцоў засталіся без электрычнасьці», — сказала Грынчук.
Паводле яе, цяпер энэргетыкі ўсюды, дзе магчыма, спрабуюць аднавіць электразабесьпячэньне. У многіх рэгіёнах гэта прайшло пасьпяхова, аднак у Харкаве, Харкаўскай вобласьці, рэгіёнах, дзе былі вялікія пашкоджаньні, будуць прымяняцца пагадзінныя адключэньні, удакладніла Грынчук.
«Ёсьць рэгіёны, Харкаў, Харкаўская вобласьць, дзе пашкоджаньні былі надзвычай вялікія. Таму аднавіць хутка не ўяўляецца магчымым. Аднак мы робім усё магчымае, і сёньня без электрычнасьці застаюцца больш за 200 тысяч спажыўцоў, за апошнія гадзіны аднавіліся 50. Але ў Харкаўскай вобласьці, Харкаве, магчымыя пагадзінныя адключэньні, не проста магчымыя, яны будуць для таго, каб забясьпечыць справядлівае разьмеркаваньне энэргіі ўсім спажыўцам», — падкрэсьліла намесьніца міністра.
Зараз, паводле яе слоў, праводзіцца разбор завалаў, ацэнка магчымасьці рэстаўрацыі, замена абсталяваньня.
«Мы шукаем гэтае абсталяваньне па ўсёй Украіне, і мы супрацоўнічаем з партнэрамі, пастараемся як мага хутчэй аднавіць і паставіць электраэнэргію нашым спажыўцам», — сказала Грынчук.
- Падчас масіраванай атакі 22 сакавіка расейскія войскі таксама нанесьлі ўдары па найбуйнейшай у краіне ГЭС ДнепраГЭС у Запарожжы, дзе сурʼёзныя пашкоджаньні, паведамілі ў кампаніі «Укргідраэнэрга».
- Улады Запарожжа паведамілі, што ў выніку атакі на горад, якую называюць самай маштабнай за год, загінулі тры чалавекі, 14 атрымалі раненьні.
- Хмяльніцкая адміністрацыя паведаміла пра двух загінулых і пяці параненых у выніку ўдару. У Івана-Франкоўскай вобласьці вядома пра двух пацярпелых.
- У Мінэнэрга Ўкраіны падкрэсьлілі, што гэты ўдар зьяўляецца найбуйнейшай атакай на ўкраінскую энэргетыку за апошні час.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што цягам ночы і раніцы 22 сакавіка расейскія войскі запусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны больш за 60 бесьпілётнікаў «Шахед» і амаль 90 ракет розных тыпаў. Пазьней у ВПС удакладнілі, што са 151 запушчанай РФ 92 былі зьбітыя сіламі СПА.