Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на адкрыцьці форума прызнала, што многія суайчыньнікі ў эміграцыі расчароўваюцца. Паводле яе слоў, беларусы «часта сябе недаацэньваюць». Разам з тым, падкрэсьліла палітык, на канфэрэнцыі «сабраліся не такія людзі», адзначае Позірк.
У многіх беларусаў, што зьехалі, заявіла лідэрка, «маецца спакуса вярнуцца да спакойнага жыцьця», аднак гэта «можа прывесьці да руціны і бязьдзейнасьці». Яна канстатавала, што «не прыйдзе мэсія, які выратуе Беларусь», а таму беларусам трэба «не здавацца» і памятаць, што «эміграцыя — гэта моц».
Жыцьцё ў эміграцыі «нагадвае квэст, калі здаецца, што засваеньне новай мовы і пошук працы ніколі не скончацца», сказала яна. Аднак, паводле слоў Ціханоўскай, «людзі за мяжой змагаюцца, дапамагаюць адстойваць інтарэсы дэмакратычнай Беларусі».
Беларусы за мяжой «могуць і дапамагаюць» у справе падтрымкі палітычных зьняволеных, набліжэньня перамогі прыхільнікаў перамен.
«Разам мы ўсё пераадолеем», — запэўніла палітык.
Перад адкрыцьцём форуму адбылася прэзэнтацыя некамэрцыйных сацыяльна значных праектаў. Сярод іншага была прадстаўлена экспазыцыя, прысьвечаная беларускай геральдыцы, ваеннай справе. Працуе выстава беларускіх кніжных выдавецтваў.
Рэпартаж Свабоды з канфэрэнцыі пазьней на нашым сайце і ў сацыяльных сетках.