У варшаўскім мэтро сёлета ў сакавіку зьявіліся плякаты:
- «У Польшчы твой камэнтар на Facebook — гэта ўнёсак у дыскусію. У Беларусі — можаш трапіць у турму»
- «Вывучэньне замежнай мовы ў Польшчы — гэта тваё разьвіцьцё. У Беларусі закрылі 10 школ і курсаў польскай мовы»
- «У Польшчы твае дабрачынныя ахвяраваньні — гэта дапамога тым, хто яе патрабуе. У Беларусі — нагода пачаць сьледчыя дзеяньні»
Плякаты супрацьпастаўляюць побытавыя сытуацыі ў Польшчы і Беларусі, паказваюць, наколькі ў Беларусі абмежаваная свабода слова.
Акцыю ініцыявала Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту з дазволу варшаўскіх уладаў. Яна прымеркаваная да Дня Волі.
Плякаты правісяць у мэтро два тыдні. Адпаведныя выявы разьмешчаныя таксама на гарадзкіх рэклямных банэрах, аўтобусах, на прыпынках наземнага грамадзкага транспарту.
Гэта ўжо ня першы раз, калі плякаты пра беларускі парадак дня зьяўляюцца ў грамадзкіх месцах Варшавы. Падобныя інфакампаніі ладзілі ў Польшчы цягам некалькіх апошніх гадоў да Дня Волі.
Як расказала Свабодзе прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, такая акцыя стала ўжо традыцыйнай. Варшаўскія ўлады добра да яе ставяцца.
«Гэта была нашая ідэя. Канцэпцыя ў тым, каб прыблізіць палякам разуменьне таго, што адбываецца ў нашай краіне, каб не забывалі пра Беларусь, бо на побытавым узроўні Беларусь губляецца, Беларусь забываецца», — адзначыла Аліна Коўшык.
Яна дадала, што яны хацелі б, каб кампанія пашырылася на іншыя гарады Польшчы.
«Мы гатовыя дзяліцца гэтымі плякатамі, калі да нас зьвернуцца іншыя беларускія суполкі з Польшчы, калі яны змогуць выставіць іх у сябе, у сваіх гарадах», — сказала ініцыятарка кампаніі.