Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абмяжуюць рэгістрацыю новых ІП у некаторых відах дзейнасьці,  ухвалілі законапраект


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пратэст прадпрымальнікаў у Менску, люты 2016 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пратэст прадпрымальнікаў у Менску, люты 2016 году

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 21 сакавіка прынялі ў другім чытаньні праект закону «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці». Ён абмяжоўвае віды дзейнасьці, якімі могуць займацца прадпрымальнікі. Тыя, хто ня трапіць пад новыя стандарты ІП, будуць вымушаныя перайсьці ў статус юрыдычнай асобы ці закрыцца.

Законапраект замацоўвае «новыя падыходы да рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці» і вызначае новую тыпалёгію бізнэсу, якая будзе складацца зь дзьвюх катэгорый:

  • юрыдычныя асобы, якія падзяляюцца на малыя (з колькасьцю да 100 работнікаў), сярэднія (да 250 чалавек) і буйныя (звыш 250 чалавек) камэрцыйныя арганізацыі;
  • фізычныя асобы, якія будуць мець права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў якасьці рамесьніка, уладальніка аграэкасядзібы, індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама самастойна весьці прафэсійную дзейнасьць.

Законапраект абмяжоўвае віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе вызначаць урад, «зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасьці» (у чэрвені 2023 году чыноўнікі абмяркоўвалі, якім можа быць гэты сьпіс: тады з дазволеных для ІП дзейнасьцяў папярэдне прыбралі юрыдычныя паслугі, онлайн-курсы, навучаньне, гуртовы гандаль, турыстычныя паслугі і інш.).

Па відах дзейнасьці, якія не ўвайшлі ў названы пералік, з 1 кастрычніка 2024 году ўводзяць забарону на рэгістрацыю новых ІП. Прадпрымальнікі, якія ўжо працавалі на момант падпісаньня закону, павінны будуць перайсьці ў юрыдычныя асобы (да 31 сьнежня 2025 году). Улады абяцаюць, што мэханізм пераходу з ІП у юрыдычную асобу будзе спрошчаны — гэта нібыта можна будзе зрабіць за адзін працоўны дзень.

Паводле законапраекту, чыноўнікі таксама перагледзяць віды дзейнасьці, якія будуць даступныя для рамесьнікаў і самазанятых.

Разам з тым улады абяцаюць падтрымку малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, законапраектам уводзяць новыя віды падтрымкі (гранты, даручальніцтва Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва па абавязацельствах суб’ектаў гаспадараньня).

Задачу мадэрнізаваць фармат работы малога бізнэсу паставіў Аляксандар Лукашэнка ў чэрвені 2023 году.

У 2022 годзе Лукашэнка адзначаў, што айцішнікі і іпэшнікі былі ў авангардзе пратэстаў у 2020 годзе, «вываліліся на вуліцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG