Вярхоўны суд ЗША вырашыў аднавіць дзеяньне аднаго з самых жорсткіх іміграцыйных законаў штату Тэхас аб супрацьдзеяньні незаконнаму перасячэньню мяжы паміж ЗША і Мэксыкай. Такім чынам, была адхіленая прапанова адміністрацыі Джо Байдэна аб блякаваньні гэтага дакумэнта, паведаміла агенцтва Reuters.
Згодна з законам, падпісаным у сьнежні 2023 году, паліцыя штату можа арыштоўваць і прыцягваць да адказнасьці людзей, якіх падазраюць у незаконным уезьдзе ў ЗША. Да прыняцьця закону гэтыя дзеяньні адносіліся да паўнамоцтваў фэдэральных уладаў. У якасьці пакараньня за незаконны ўезд у Злучаныя Штаты прадугледжана турэмнае зьняволеньне або штраф да 2 тысяч даляраў.
У студзені 2024 году Міністэрства юстыцыі ЗША зьвярнулася ў Вярхоўны суд з просьбай заблякаваць ініцыятыву. У міністэрстве адзначылі, што закон парушае палажэньне Канстытуцыі ЗША, супярэчыць фэдэральнаму іміграцыйнаму заканадаўству.
У выніку ў Вярхоўным судзе шасьцёра судзьдзяў-кансэрватараў выступілі за прыняцьце рашэньня. Трое судзьдзяў-лібэралаў выказалі нязгоду з рашэньнем, заявіўшы, што яно «перакульвае іміграцыйную палітыку з ног на галаву», зазначае «Голас Амэрыкі».
- Закон Тэхасу кваліфікуе незаконнае перасячэньне мяжы або паўторны незаконны ўезд у Тэхас як злачынства штату і прадугледжвае пакараньне ад 180 дзён да 20 гадоў турмы.
- Тэхас прыняў меры па стрымліваньні людзей, якія незаконна перасякаюць мяжу. Гэта, у прыватнасьці, разьмяшчэньне на мяжы войскаў Нацгвардыі, блякаваньне мігрантаў і ўсталяваньне плывучага бар’еру на ўчастку ракі Рыё-Грандэ.
- У ЗША доўгі час ня могуць узгадніць закон аб наданьні новай дапамогі Ўкраіне ў сувязі з тым, што рэспубліканская большасьць патрабуе, каб законапраект уключаў вырашэньне праблемы плыні мігрантаў на паўднёвай мяжы краіны.