Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кізім адказаў Лукашэнку, які заявіў, што не хоча ўцягваць краіну ў вайну


Ігар Кізім
Ігар Кізім

Ігар Кізім, былы амбасадар Украіны ў Беларусі, які з лютага 2024 года займае пасаду амбасадара Ўкраіны па асобых даручэньнях па Беларусі, пракамэнтаваў у Facebook заявы Аляксандра Лукашэнкі, які той зрабіў падчас сваёй працоўнай паездкі ў Пінскі раён Берасьцейскай вобласьці 4 кастрычніка.

Пра гэта піша партал «Люстэрка».

Лукашэнка заявіў, што не хоча ўцягваць Беларусь у вайну з Украінай, а таксама што гэтай краіне трэба разьлічваць не на дапамогу ЗША ў аднаўленьні пасьля вайны, а на сваіх суседзяў, «перш за ўсё на беларусаў». Таксама Лукашэнка казаў пра тое, што Польшча нібыта хоча «прыхапіць заходнюю частку Ўкраіны», і калі гэта здарыцца, то «мы будзем украінцаў падтрымліваць».

Кізім заявіў, што складана камэнтаваць «гэта чарговае трызьненне аб Украіне». «Вось не ведаю, сьмяяцца ці крыўдзіцца, калі чую, як А. Лукашэнка нясе чарговае трызьненьне аб Украіне ці аб украінска-беларускіх адносінах. Усе разумеюць, што большасьць з гэтага трызьненьня ён гаворыць сам для сябе. Ці для тых беларусаў, хто да гэтага часу прывык зазіраць у рот сваім правадырам і верыць кожнаму слову (такія ў Беларусі яшчэ ёсьць). На астатніх гэта даўно не дзейнічае », - напісаў Кізім.

Аднак амбасадар дадаў, што на гэты раз у рыторыцы Лукашэнкі зьявіліся новыя элемэнты. «Па-першае, гэта ягонае жаданьне не „уцягваць Беларусь у вайну“. Хацеў бы нагадаць, што Беларусь ужо „у вайне“ з 24 лютага 2022 года, і галоўнае — працягвае ўдзельнічаць, аказваючы дапамогу Расеі. І не хавае гэтага, гаворыць пра гэта афіцыйна. Так што з гэтай задачай беларускі правадыр ужо не справіўся», — адзначыў украінскі дыплямат.

Таксама ён адказаў на выказваньне Лукашэнкі аб тым, што беларускія ўлады нібыта робяць усё для мірнага суседзтва. «Цытую: „Мы будзем рабіць усё, каб мірна суіснаваць з Украінай“. Адказ такі: спыні падтрымку злачыннай вайны, тады з Беларусьсю гэта магчыма. Але з цяперашнім рэжымам, на маю думку, — не », - напісаў Кізім.

Таксама ён адрэагаваў на заявы Лукашэнкі аб тым, што Беларусь гатовая дапамагчы Ўкраіне ў аднаўленьні краіны пасьля вайны. «Вось верх крывадушнасьці, калі хочацца казаць абразьлівыя словы. Гэта значыць, адным ён дапамагае разбураць Украіну, а цяпер хоча „дапамагаць“ аднаўляць яе тым, каго ён сам дапамагае разбураць», — адзначыў Кізім.

І яшчэ адна заява Лукашэнкі, на якую зьвярнуў увагу дыплямат — наконт тэрыторыяльных прэтэнзіяў Польшчы да Ўкраіны. «І яшчэ адна спасылка: „Калі палякі паспрабуюць адсячы захад Украіны, мы акажам украінцам падтрымку“ (таксама нешта новенькае). Тое, што Расея спрабуе „адцяпаць“ усходнія і паўднёвыя рэгіёны Украіны (прычым кажа і робіць гэта не хаваючы), — гэта нармальна, а казаць пра прыдуманую ім самім мітычную пагрозу — гэта для яго цяпер „актуальна“. Лепш бы прыйшлі на дапамогу Ўкраіне, калі Расея пачала захопніцкую вайну супраць Украіны. І зрабіць трэба было няшмат — проста адмовіцца ўдзельнічаць у ёй. Але ж вы зрабілі іншы выбар. Дык сядзіце моўчкі », - напісаў Кізім.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG