Але праект хутка наткнуўся на супраціў з боку рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў.
Такая прапанова магла б стаць найлепшым шанцам прэзыдэнта Джо Байдэна аказаць дапамогу Ўкраіне падчас вайны. Гэтую зьнешнепалітычную мэту падзяляюць і галоўны дэмакрат Сэнату, сэнатар Чак Шумэр, і галоўны рэспубліканец, сэнатар Мітч Макконэл.
Але сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заявіў у сацыяльных сетках, што дакумэнт, калі ён дойдзе да Палаты прадстаўнікоў, будзе нежыцьцяздольны.
«Гэты законапраект горшы, чым мы чакалі, і ён ня робіць нічога, каб спыніць катастрофу на мяжы, якую стварыў прэзыдэнт. Калі гэты законапраект дойдзе да Палаты прадстаўнікоў, ён будзе „мёртвы на момант паступленьня“», — напісаў ён на Х.
У той жа час прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 4 лютага заклікаў Кангрэс як мага хутчэй зацьвердзіць двухпартыйнае пагадненьне аб нацыянальнай бясьпецы.
«Цяпер рашэньне павінны прыняць рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў. Ці хочуць яны вырашыць праблему? Ці хочуць яны працягваць гуляць у памежную палітыку? Я прыняў сваё рашэньне. Я гатовы вырашыць праблему... Я заклікаю Кангрэс сабрацца і хутка прыняць гэтую двухпартыйную ўгоду. Пакладзіце гэта мне на стол, каб я мог неадкладна падпісаць гэта як закон», — заявіў Байдэн.
2 лютага лідэр большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр абвясьціў, што на наступным тыдні Сэнат ЗША прагаласуе за дадатковы законапраект аб нацыянальнай бясьпецы, які ўключае ў сябе двухпартыйную дамову аб бясьпецы межаў і дапамозе Ўкраіне і Ізраілю.
Пакет ахоплівае дапамогу Ізраілю, Украіне і Тайваню, а таксама фінансаваньне бясьпекі межаў і дадатковыя грошы для рэалізацыі новай палітыкі, прадугледжанай законапраектам. Маюцца на ўвазе новыя паўнамоцтвы абавязкова закрываць мяжу, калі яе будуць перасякаць больш за 5000 чалавек у дзень, рэформа сыстэмы наданьня прытулку, паскораную працэдуру разгляду заяваў і спыненьне практыкі затрымліваньня і вызваленьня мігрантаў.
Перамовы аб гэтых зьменах у памежнай палітыцы затрымалі галасаваньне па законапраекце на некалькі месяцаў.
3 лютага сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан абвясьціў, што на наступным тыдні Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласуе па законапраекце аб выдзяленьні больш як 17 мільярдаў даляраў дапамогі Ізраілю. Ён настойвае, што «цяпер у ЗША няма часу разглядаць пакет, які аб’ядноўвае дапамогу Ўкраіне і Ізраілю». Белы дом выступіў супраць унесенага ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША законапраекту аб дапамозе Ізраілю без дадатковых асыгнаваньняў на падтрымку Ўкраіны.