Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Ўкраіна абмяняліся ўдарамі дронамі і ракетамі. Найгоршая сытуацыя — у памежжы


Наступствы расейскага ўдару па Сумах 7 сакавіка 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага ўдару па Сумах 7 сакавіка 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі абстралялі 115 населеных пунктаў і 190 аб'ектаў інфраструктуры Ўкраіны.

Расея запусьціла па ўкраінскіх гарадах 22 ударныя бесьпілётнікі і кіраванымі ракетамі абстраляла памежныя раёны Харкаўскай і Сумскай вобласьцяў.

У Белгарадзкай вобласьці заявілі аб перахопе ўкраінскіх ракет.

Ва Ўкраіне найбольш цярпяць Харкаўшчына і Сумшчына

Расейцы абстралялі 15 населеных пунктаў Харкаўскай вобласьці і 24 — Сумскай вобласьці. Паводле абласных удараў, у выніку авіяналётаў і артылерыйскіх абстрэлаў раненьні атрымалі мінімум чатыры чалавекі, у тым ліку два супрацоўнікі экстранай мэдычнай дапамогі.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладнілі, што Расея ў ноч на 18 сакавіка атакавала Харкаўшчыну пяцьцю зэнітнымі кіраванымі ракетамі С-300/С-400, Сумшчыну — двума кіраванымі авіяракетамі Х-59 і іншую прыфрантавую і тылавую тэрыторыю Ўкраіны — 22 ударнымі бесьпілётнікамі.

Сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі 17 дронаў у межах Кіеўскай, Палтаўскай, Хмяльніцкай, Чаркаскай, Кіраваградзкай, Днепрапятроўскай, Віньніцкай, Запароскай і Ровенскай вобласьцяў.

У выніку падзеньня аскепкаў зьбітага дрона загарэўся шматкватэрны жылы дом у Крывым Рогу, а ў Кіраваградзкай вобласьці — прыватныя прамысловыя аб’екты і жылыя дамы.

У Расеі заявілі аб ракетнай атацы Ўкраіны

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што раніцай 18 сакавіка Ўкраіна атакавала расейскія аб’екты з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню RM-70 «Вампір».

«Дзяжурныя сродкі СПА зьнішчылі дзесяць рэактыўных снарадаў у паветры над Белгарадзкай вобласьцю», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У Міністэрстве здароўя Белгарадзкай вобласьці паведамілі, што за тыдзень у рэгіёне 11 чалавек загінулі і 82 атрымалі раненьні.

У Легіёне «Свабода Расеі», які ўдзельнічае ў рэйдзе на Белгарадзкую, Курскую і Бранскую вобласьці разам з двума іншымі батальёнамі, сфармаванымі з грамадзян Расеі, паведамілі аб захопе расейскага населенага пункту і ўсталяваньні там свайго баявога сьцягу.

Падразьдзелы, сфармаваныя з расейскіх грамадзян, якія ваююць на баку Ўкраіны, з 12 сакавіка праводзяць інтэнсіўныя баявыя дзеяньні на мяжы Расеі і Ўкраіны з боку Харкаўскай вобласьці. Аб сваіх стратах яны не паведамляюць.

Раней паведамлялі, што частка расейскіх добраахвотнікаў, прынамсі, аднаго з батальёнаў — Легіёну «Свабода Расеі» — колішнія ўдзельнікі розных ультраправых арганізацый. У цэлым гэта людзі рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі Пуціна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG